Калійны скандал паднёс новыя падрабязнасці і каментарыі

29 августа 2013

Калійны скандал, за развіццём якога мы сочым ужо які дзень, сёння паднёс новыя падрабязнасці і новыя каментарыі. Пачнем з навін і фактаў. Па-першае, у крымінальнай справе - новы фігурант, а больш дакладна, чалавек, якога цалкам можна назваць шэрым кардыналам усяго працэсу. У Следчым камітэце паведамілі, што маюць падставы для ўзбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні Сулеймана Керымава - галоўнага акцыянера Уралкалія. Зрэшты, на факты нашых следчых у Маскве адказваюць мерамі і заявамі вельмі сумнеўнымі. І больш за ўсё яны нагадваюць помсту. Гэта і незразумелыя прэтэнзіі да беларускага малака. Гэта і дзіўныя намёкі на крэдыт ЕўрАзЭС. А яшчэ самае абсурднае - скарачэнне паставак нафты з-за раптоўнага рамонту трубы.


Расказвае Сяргей Гусачэнка.


Следчы камітэт Беларусі працягвае расследаванне крымінальнай аферы па перадзеле рынку калійных угнаенняў. У цэнтры ўвагі - расійская кампанія Уралкалій. Некалі гандлёвы партнёр салігорскага Беларуськалія на справе рыхтаваў складаную аперацыю па ўхіленні аднаго з асноўных канкурэнтаў. Сёння стала вядома, што ў крымінальнай справе можа з'явіцца яшчэ адзін фігурант - уладальнік Уралкалія Сулейман Керымаў. Як заявілі ў Следчым камітэце, матэрыялы, якія паступілі ў распараджэнне, даюць падставу для крымінальнага праследавання расійскага бізнесмена.


Следства таксама ініцыявала правядзенне дзяржкантролем праверкі фінансава-эканамічнай дзейнасці Беларускай калійнай кампаніі.


Нагадаем, што ў панядзелак быў затрыманы гендырэктар Уралкалія Уладзіслаў Баўмгертнер. Супраць шэрагу топ-менеджараў сумеснай беларуска-расійскай калійнай кампаніі ўзбуджаныя крымінальныя справы. Іх падазраюць у спробе рэйдарскага захопу Беларуськалія і нанясенні вялізнай шкоды эканоміцы Беларусі. Гаворка ідзе аб суме, якая перавышае 100 млн. долараў.


Як атрымалася ўстанавіць следчым, афера пракручвалася на працягу некалькіх гадоў. З тых часоў, як ва Уралкалій прыйшоў новы ўласнік - Сулейман Керымаў. У сумеснай кампаніі сталі дзейнічаць не па законах, а па паняццях, як у ліхія 90-я. Беларуськалій - стратэгічны актыў нашай краіны, які прыносіць мільярды долараў дзяржаве, і горадаўтваральнае прадпрыемства Салігорска, што дае працоўныя месцы тысячам мясцовых жыхароў, і 97% паступленняў у гарадскі бюджэт. На гэтыя грошы перад новым навучальным годам пабудавалі яшчэ адну школу і дзіцячы сад. На выкрадзеныя 100 млн. долараў можна было пабудаваць больш за дзясятак падобных аб'ектаў. Салігарчане абураныя, што вынікі працы некалькіх пакаленняў спрабавалі прыбраць да рук нейкія махляры. Спробу рэйдарскага захопу прадпрыемства тут параўноўваюць з захопам цэлага горада.


Абарона дзяржавай ключавых прадпрыемстваў - агульнасусветная практыка, і Беларусь паступае менавіта так. А вось абарона жулікаў і аферыстаў - гэта нешта новае. Спрэчку гаспадарчых суб'ектаў з асабліва прававой плоскасці паспрабавалі перавесці ў плоскасць канфліктную. У адказ на спыненне рэйдарскага захопу Беларуськалія нашай краіне паспрабавалі адпомсціць. Транснафта раптам пачала рамантаваць трубы і заявіла аб скарачэнні паставак нафты, у асобных СМІ з'явіліся намёкі на нявыдачу чарговага траншу крэдыту ЕўрАзЭС, а санітарныя службы адчулі дзіўна своечасовы прыступ непераноснасці лактозы.


Беларусь - адзін з найбуйнейшых экспарцёраў малочнай прадукцыі ў свеце. На замежныя рынкі дзясяткаў краін ідзе больш чым палова тавараў айчынных вытворцаў. Валютны прыбытак толькі за першае паўгоддзе перавысіў 1 млрд. долараў. На прадпрыемствах укаранёныя і выконваюцца ўсе неабходныя стандарты і тэхнічныя рэгламенты. Лепшае пацверджанне якасці беларускага малака - вялізны попыт у расіянаў, у тым ліку ў сталіцы. За тры гадзіны здымак карэспандэнты Агенцтва тэленавін не сустрэлі ніводнага чалавека, хто б дрэнна адклікаўся аб нашай прадукцыі.


У Расіі тэма калійнага канфлікту таксама актыўна абмяркоўваецца. Вядучыя сусветныя трэйдары, якія мелі няшчасце працаваць з Уралкаліем, больш катэгарычныя ў сваіх ацэнках. Помсціць за сваіх змоўшчыкаў - гэта гангстарскія метады, якія, на жаль, у Расіі, сябе яшчэ не зжылі. Зрэшты, у нас яны не працуюць. Але, мяркуючы па каментарыях СМІ і экспертаў, некаторыя бізнесмены і іх лабісты забылі, што яны маюць справу з цывілізаванай еўрапейскай дзяржавай, дзе кіруе закон, а не паняцці 90-х.