Калійная афера - нечаканы паварот

4 сентября 2013

Калійная афера па-ранейшаму застаецца самай абмеркаванай тэмай у СМІ. А сёння яна атрымала цалкам нечаканы паварот. Як высветлілі журналісты расійскай газеты Ведомости, 25 ліпеня, усяго за тыдзень да выхаду з Беларускай калійнай кампаніі, Уралкалій застрахаваў сваіх топ-менеджараў на выпадак судовага праследавання за неналежнае выкананне службовых паўнамоцтваў. Сума страхоўкі каласальная - 100 мільёнаў долараў! Звяртае на сябе ўвагу той факт, што менавіта ў такую суму ацэньваецца папярэдняя шкода, нанесеная эканоміцы Беларусі. Тым часам пашыраецца кола краін, якія пацярпелі ад дзеянняў менеджменту Уралкалія, а эксперты падлічваюць страты для эканомік не толькі Беларусі, але і Расіі.


Расказвае Сяргей Хамянтоўскі. Сенсацыйная інфармацыя, апублікаваная ў газеце Ведомости, адкрыла яшчэ адну таямніцу калійнай аферы. Як высветлілі расійскія журналісты, напярэдадні разрыву з Беларускай калійнай кампаніяй Уралкалій застрахаваў сваё кіраўніцтва. Поліс быў набыты ў расійскім прадстаўніцтве найбуйнейшай страхавой кампаніі з ЗША - American International Group.


Тут звяртаюць увагу на сябе тры моманты. Першы - гэта дата куплі поліса. Ён дзейнічае з 25 ліпеня гэтага года. Гэта значыць, Уралкалій застрахаваў сваё кіраўніцтва роўна за тыдзень да разрыву з Беларускай калійнай кампаніяй. Гэта адбылося 31 ліпеня.


Другі момант: ад чаго менавіта застрахаваліся. Газета Ведомости даслоўна прыводзіць умовы страхавога выпадку.


Звяртае на сябе ўвагу вось што. Умовы страхавога выпадку практычна супадаюць з абвінавачаннямі, якія прад'яўленыя топ-менеджарам Уралкалія па крымінальнай справе. Тут жа прадугледжаныя і выдаткі: ад выдаткаў на адвакатаў да пакрыцця прычыненай імі шкоды. Можна выказаць здагадку, што яшчэ за тыдзень да разрыву з БКК і за месяц да ўзбуджэння крымінальнай справы кіраўнікі Уралкалія ўжо добра ведалі, што парушылі законы і нанеслі шкоду Беларусі. І шкоду каласальную.


І тут як раз трэці момант. Ён датычыцца сумы страхоўкі. Лічба проста астранамічная. 100 мільёнаў долараў! І што самае дзіўнае: памер страхоўкі практычна цалкам супаў з папярэднімі ацэнкамі нанесенай Беларусі шкоды - 100 мільёнаў долараў.


Зараз следчым трэба будзе высветліць, ці з'яўляецца гэтая страхоўка доказам таго, што топ-менеджары Уралкалія, якія працавалі ў БКК, усвядомлена парушалі законы і нават падлічылі самі, колькі выкралі на махінацыях з калійнымі ўгнаеннямі.


Сярод ахвяраў махінацый, звязаных з бізнесам Керымава, не толькі беларусы. Спіс суб'ектаў, якім прычынная шкода дзеяннем менеджменту Уралкалія, расце, пашыраючыся і на іншыя краіны, у тым ліку і на Расію.


Апроч прамых бюджэтных страт, сваімі дзеяннямі алігархічныя кланы наносяць шкоду і стратэгічным інтарэсам Расіі, і яе саюзнікаў - цяперашніх і перспектыўных. Паставіўшы сябе вышэй за інтарэсы дзяржавы і грамадства, расійскія алігархі перашкаджаюць нармальнаму дзелавому клімату і партнёрству.


Новыя факты, звязаныя са страхаваннем менеджараў Уралкалія на выпадак праблем з законам, яшчэ раз пацвярджаюць падазрэнне, што яно было загадзя спланаванае і рыхтавалася на працягу некалькіх гадоў. Пакуль жа атрымліваецца, што керымаўскія топ-менеджары спрабавалі зарабіць на калійнай аферы двойчы: спачатку на махінацыях на калійным рынку, а затым на страхоўцы. Дакладную шкоду, нанесеную эканомікам Беларусі, Расіі і іншых краін яшчэ трэба падлічыць спецыялістам, а ў расследаванні крымінальнай справы не выключана, што хутка стануць вядомыя новыя акалічнасці.


Падобнага роду аферы становяцца момантам ісціны і дапамагаюць зразумець, хто ёсць хто. За жулікаў уступіліся… беларускія апазіцыянеры. У апублікаванай заяве яны запатрабавалі неадкладна вызваліць Баўмгертнера. Гэта значыць, замест таго, каб абараняць інтарэсы шахцёраў і народу, наша так званая апазіцыя грудзьмі становіцца на абарону расійскіх алігархаў.