Як правільна падабраць гуму, якія характарыстыкі шын важныя для бяспечнага кіравання

22 ноября 2021

Першыя замаразкі - падстава для вадзіцеляў змяніць гуму. Такое патрабаванне афіцыйна пачне дзейнічаць з 1 снежня. Аднак супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі нагадваюць аб неабходнасці пераабувацца загадзя. Галоўнае  - прафілактыка магчымага росту ДТЗ. 

Як правільна падабраць гуму, якія характарыстыкі шын важныя для бяспечнага кіравання. Ілья Цвяткоў разабраўся ў дэталях.

Для аўтааматараў прыйшоў час змяніць летнія шыны на зімнія. Згодна з правіламі дарожнага руху, зрабіць гэта трэба да 1 снежня. Але Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендуе выканаць гэту працэдуру загадзя. Чаму – зараз будзем разбірацца.

Хаця каляндарная зіма яшчэ не надышла, на тэрмометрах у начныя часы  стабільны мінус. Мароз удзень змяняецца кароткай адлігай. Вынік такіх перападаў - слізкае дарожнае пакрыццё. А гэта значыць, што падчас спынення транспартнага сродку тармазны шлях павялічваецца ў некалькі разоў. Каб пазбегнуць выпадковых сутыкненняў, трэба змяніць летнюю гуму на зімовую. 

Пра падрыхтоўку да марознага сезона нагадваюць супрацоўнікі ДАІ. Рэйды ў Мінскай вобласці праводзяць рэгулярна. Пакуль вадзіцеляў толькі папярэджваюць і даюць рэкамендацыі наконт бяспечнага перамяшчэння. 

Пераабуваюць аўто на спецыялізаваных сэрвісах. Зараз на многія станцыі шынамантажу трапіць можна толькі па папярэднім запісе. За змену спецыялісты абслугоўваюць некалькі дзясяткаў аўтамабіляў. Кліентам раяць, якую гуму лепш выбраць. Акрамя заводскіх характарыстык дазволенай вышыні і шырыні, таксама трэба звяртаць увагу і на малюнак пратэктара. Напрыклад, асіметрычны  лепш падыходзіць для роўных і гладкіх дарог. Для іншых  рэкамендуюць выбіраць сіметрыю.

Важны параметр, на які будуць звяртаць увагу і супрацоўнікі ДАІ падчас праверак, гэта рэшткавая вышыня пратэктара. Яна павінна быць не менш за 4 міліметры. Шыны з вялікім зносам  таксама не дазваляецца выкарыстоўваць.