Як пабудаваць уласны энергаэфектыўны дом з экалагічных матэрыялаў?

16 февраля 2016

Модульныя будынкі, дамы з грунту і нават з саломы. Інавацыйных ідэй для ўзвядзення жылля сёння - мноства. Найноўшыя тэхналогіі ў сферы будаўніцтва дазваляюць атрымаць даступнае ўласнае жыллё за кароткі тэрмін. Акцэнт - на выкарыстанне экалагічна чыстых і энергаэфектыўных матэрыялаў. Такія аўтаномныя дамы можна ўзвесці практычна ў любой мясцовасці, незалежна ад інжынерных сетак. З новымі тэхналогіямі ў будаўніцтве пазнаёмілася Наталля Кузьміцкая.

Невялічкі, на першы погляд драўляны дом, з вялікімі вокнамі і шырокай тэрасай. Гэта першы, пакуль дэманстрацыйны модульны аб'ект архітэктурнай студыі.

З-за сваёй экалагічнасці і эканамічнасці, кошт дома складае прыкладна палову ад аднапакаёвай кватэры. Модульныя памяшканні сёння - сусветны трэнд у домабудаванні.

Стандартны модульны дом дастаўляецца на месца будоўлі менавіта гатовымі пакоямі або блокамі. Аднак гэты аб'ект быў пабудаваны паводле іншай тэхналогіі. На вытворчасці архітэктурнай студыі збіраюцца не жылыя модулі з падлогай, сценамі і столлю , а экапанэлі. Іх перавозяць заказчыку на ўчастак і збіраюць на гатовым падмурку, як канструктар. У выніку мантаж доўжыцца ад 1 да 2 месяцаў.

20 гадоў таму Уладзімір Крупскі пачаў будаўніцтва ўласнага дома, з часам зразумеў: выкарыстанне цэглы ці газасілікату - справа доўгая і нятанная. У выніку, авіяканструктар па адукацыі, мужчына прыдумаў уласную тэхналогію ўзвядзення дома - з саломы.

Салома - гэта адметны біяматэрыял, які мае мноства станоўчых характарыстык - парапранікальнасць, экалагічнасць, даўгавечнасць і лёгкасць. Да таго ж сам па сабе гэта прыродны ўцяпляльнік, які ў будучыні дазволіць зэканоміць і на абаграванні.

Хостэл для аграсядзібы ва Уздзенскім раёне, пабудаваны па сістэме экакуб. За паўтара года паспеў сабраць шмат станоўчых водгукаў ад пастаяльцаў.

Сістэма "Экакуб" ужо абаронена некалькімі нацыянальнымі патэнтамі Беларусі на карысныя мадэлі, Еўразійскім патэнтам на вынаходства. У будучыні распрацоўшчыкі тэхналогіі плануюць стварыць школу забудоўшчыка, дзе навучаць збіраць дом з экакубікаў усіх ахвотнікаў.