Адносіны паміж Беларуссю і Пакістанам выйшлі на новы ўзровень

12 августа 2015

Партнёрскі дыялог з сяброўскім акцэнтам. Напэўна, так можна ахарактарызаваць чараду падзей апошніх дзён, калі адносіны паміж Беларуссю і Пакістанам імкліва выйшлі на новы этап. Ад слова "ўпершыню", якое ўжывалі журналісты, вызначаючы значнасць ці то самога візіту ў нашу краіну прэм'ер-міністра Наваза Шарыфа, падпісаных пагадненняў або першага ў беларускай сталіцы фестывалю пакістанскага кіно, да не зусім характэрных для чыста пратакольных сустрэч эпітэтаў "гасцінны", "цёплы", "хатні", калі гутарка ішла пра характар зносін Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і высокіх гасцей. Сёння прэм'ер-міністр наведаў холдынг БелАЗ. А перад самым адлётам Наваз Шарыф разам з жонкай і сынам пабываў у гасцях у Кіраўніка дзяржавы ў яго рэзідэнцыі "Азёрны". Ужо зараз, пасля завяршэння афіцыйнага візіту, відавочна: адносіны паміж краінамі выйшлі на новы ўзровень. Як на новы ўзровень выйшлі і ўзаемаадносіны паміж палітыкамі. Пра іх напаўненне - дзелавое і душэўнае - Аляксей Адашкін.

Трэці дзень афіцыйнага візіту ў Беларусь, і Наваз Шарыф ізноў сустрэўся са сваім сябрам - Кіраўніком беларускай дзяржавы. У загарадную рэзідэнцыю "Азёрны" прэм'ер-міністр Пакістана прыбыў разам з жонкай і сынам. Падчас майскага візіту Аляксандр Лукашэнка шмат распавядаў пакістанскаму прэм'еру аб прыгажосцях Беларусі, аб нацыянальнай кухні. Для высокіх гасцей Аляксандр Лукашэнка разам з малодшым сынам Мікалаем правялі імправізаваную экскурсію па тэрыторыі рэзідэнцыі. Наваз Шарыф быў уражаны беларускай прыродай, і плюс 35 не сталі перашкодай для пешай прагулкі. Пакістанскі прэм'ер нават пажартаваў, што надвор'е ў Беларусі для яго па-сапраўднаму хатняе. У Ісламабадзе зараз гэтак жа горача. Першы прыпынак госці зрабілі на крыніцы, дзе пакаштавалі ўнікальную сваімі ўласцівасцямі ваду.

І сёння ж адбыўся нефармальны сняданак. Нязмушаная гутарка ў цёплай атмасферы працягвалася каля гадзіны. Прэзідэнт Беларусі і прэм'ер Пакістана абмяняліся падарункамі. З сабою на радзіму госці павезлі чыстыя і натуральныя беларускія прадукты, напоі, цукеркі, ільняныя вырабы, памятныя манеты Нацбанка. І, вядома, самыя яркія ўражанні пра гасцінную Беларусь. Падчас майскага візіту Прэзідэнта ў Пакістан быў закладзены падмурак будучых адносін паміж нашымі краінамі. Зараз падчас візіту ў адказ Наваза Шарыфа ў Мінск беларуска-пакістанскія сувязі выйшлі на новы ўзровень. Як і на новы ўзровень выйшлі ўзаемаадносіны паміж палітыкамі. Наваз Шарыф і Аляксандр Лукашэнка развітваліся як сябры.

Усе тры дні, праведзеныя Навазам Шарыфам у Беларусі, былі насычаныя сустрэчамі і перамовамі. Сёння прэм'ер-міністр Ісламскай Рэспублікі паспеў наведаць ва ўсіх сэнсах гіганта айчыннай прамысловасці. Першы, хоць і цацачны БелАЗ на борце кіраўніка ўрада ўжо паляцеў у Пакістан. Корпус гэтай машыны зроблены з таго ж матэрыялу, што і арыгінал. На белазаўскім палігоне больш за ўсё Наваза Шарыфа ўразіў самазвал грузападымальнасцю 450 тон - яго кошт каля 6 мільёнаў долараў.

Сямігадовы перапынак у пастаўках гэтай тэхнікі на пакістанскі рынак павінен скончыцца ўжо ў найбліжэйшы час. На БелАЗе распрацоўваюць магчымасць пастаўкі сваёй тэхнікі для цэментавых прадпрыемстваў гэтай паўднёваазіяцкай краіны. Самазваламі зацікавіліся таксама кампаніі па здабычы медзі, золата і серабра. Жодзінскае прадпрыемства можа стаць адным з асноўных беларускіх экспарцёраў у Пакістан.

А побач з Пакістанам ёсць і ёмістыя рынкі суседніх краін, якім таксама можа спатрэбіцца беларуская тэхніка. Акрамя таго, Кітай актыўна інвесціруе ў развіццё інфраструктуры ў Ісламскай Рэспубліцы. Для гэтага патрабуецца вялікая колькасць праверанай і цягавітай тэхнікі.

Перваз Рашыд, сенатар верхняй палаты парламента Пакістана, міністр інфармацыі і тэлерадыёвяшчання Пакістана: "Дэлегацыя Пакістана, у тым ліку прэм'ер-міністр, была здзіўленая і ўражаная ўзроўнем завода і тым абсталяваннем, якое ёсць на БелАЗе. Існуюць вялікія бізнес-магчымасці паміж Беларуссю і Пакістанам. Зараз актыўна развіваецца эканамічны калідор паміж Пакістанам і Кітаем, і магчымасці такога прадпрыемства, як БелАЗ, могуць быць пры гэтым скарыстаныя. Гаворка ідзе пра ўдзел беларускай тэхнікі ў такіх праектах, як будаўніцтва аўтабанаў і камунікацый".

На працягу апошніх васьмі гадоў аб'ём гандлю паміж Беларуссю і Пакістанам вагаўся ў межах ад 50 да 120 мільёнаў долараў за год. Прычым толькі за час візіту ў Ісламабад беларускай дэлегацыі на чале з Прэзідэнтам у маі гэтага года атрымалася падпісаць кантрактаў на больш як 50 мільёнаў долараў. Так, можна сказаць, за некалькі дзён быў выкананы гадавы план.

У 2014 аб'ём двухбаковага гандлю паміж Беларуссю і Пакістанам склаў амаль 60 мільёнаў долараў. Беларусь экспартуе трактары, калійныя ўгнаенні, валокны сінтэтычныя, шыны, жгут сінтэтычных нітак, валы трансмісійныя. З Пакістана наша краіна імпартавала: рыс, палімеры стыролу, харчовыя прадукты, вырабы са скуры, тканіну, тэкстыль.

Супрацоўніцтва Ісламабада і Мінска незаслужана доўга знаходзілася ў рэжыме чакання. Пасля майскіх перамоў і цяперашніх сустрэч можна прагназаваць прыкметнае пашырэнне двухбаковых кантактаў на ўсіх узроўнях супрацоўніцтва. Прычым краіны гатовыя пераходзіць ад простага гандлю да рэалізацыі сумесных дзелавых праектаў. Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка і Наваз Шарыф узялі ўдзел у бізнес-форуме. Прэзідэнт Беларусі запрасіў прадстаўнікоў пакістанскіх кампаній асабліва дэталёва азнаёміцца з патэнцыялам індустрыяльнага парка "Вялікі камень", які будуецца. Там будуць створаныя суперсучасныя вытворчасці. Знойдзецца ніша і для беларуска-пакістанскіх праектаў.

Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь: "Пакістан можа стаць для Беларусі акном у Паўднёвую Азію. Роўна як Беларусь для Пакістана - акном у Еўропу. Адкрыўшы вытворчасці ў нашай краіне, вы будзеце мець бесперашкодны выхад на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза і таксама актыўна зможаце працаваць з сумесна створанымі таварамі на рынку ЕС".

У Нацыянальнай бібліятэцы былі прадстаўленыя дзясяткі кампаній і прадпрыемстваў - ад нафтахіміі да лёгкай прамысловасці. Адных толькі навукова-тэхнічных распрацовак было прэзентавана паўтары сотні. Атрымаўшы сігнал на самым высокім узроўні ад палітыкаў, бізнес зможа перавесці яго ва ўзаемавыгадныя кантакты і кантракты.

Наваз Шарыф, прэм'ер-міністр Пакістана: "Мы прынялі рашэнне працаваць разам па шматлікіх кірунках, асабліва у сферы сельскай гаспадаркі. Я, безумоўна, маю намер асабіста кантраляваць і садзейнічаць выкананню ўсіх нашых падпісаных дамоўленасцяў і пагадненняў паміж нашымі дзелавымі коламі. Спадар Прэзідэнт, хачу запэўніць Вас, што ўрад Пакістана акажа поўную падтрымку Вашым ініцыятывам. Мы зробім так, каб вы не сутыкаліся з якімі-небудзь перашкодамі па вядзенні бізнесу ў Пакістане. Я таксама высока шаную выказванні і пачуцці Прэзідэнта Лукашэнкі на адрас пакістанскага народа. Уступаючы ў новую эру супрацоўніцтва, я ўпэўнены, што дзве нашы вялікія нацыі чакае светлая будучыня".

Беларускі бок прапаноўвае ісламскай рэспубліцы развіваць прамысловы патэнцыял. Першы крок ужо зрабіў МТЗ, адкрыўшы ў Карачы зборачную вытворчасць. Гатовыя запусціць свае лініі Амкадар і МАЗ. Чакаецца, што восенню пачнуцца пастаўкі першых машына-камплектаў. Яшчэ адна галіна, дзе ёсць узаемная цікавасць, - гэта лёгкая прамысловасць. Пакістан адзін з сусветных лідараў па вытворчасці бавоўны - краіна кантралюе 10 працэнтаў сусветнага рынку гэтай сыравіны. У гэтай дзяржаве працуе каля трох сотняў тэкстыльных фабрык. Для мадэрнізаваных актываў Беллегпрама гэта сапраўдная скарбніца недарагой сыравіны. Апроч тэхнікі і калія, Пакістану патрэбныя тэхналогіі: вырошчванне гародніны, яе захоўванне, вытворчасць малочнай прадукцыі, развіццё жывёлагадоўлі. Нядзіўна, што, абмяняўшыся візітамі на самым высокім узроўні, бакі ставяць новую планку для тавараабароту - 1 мільярд долараў за год.

Па выніках бізнес-форуму падпісаныя беларуска-пакістанскія дамовы на суму ў дзясяткі мільёнаў долараў. Яны стануць важнай часткай дарожнай карты супрацоўніцтва, над якой ужо працуюць эксперты.

Наваз Шарыф, прэм'ер-міністр Пакістана: "Я жадаў бы падзякаваць беларускаму боку за канкрэтныя прапановы. Я на 100 працэнтаў згодзен з вашым падыходам - гэта датычыцца і ідэі распрацоўкі дарожнай карты, і тэрмінаў рэалізацыі нашых сумесных праектаў. Я даручыў міністрам ушчыльную заняцца гэтай працай".

Пакістан - гэта шостая па колькасці краіна ў свеце. У ёй пражывае амаль 200 мільёнаў чалавек. Гэта перспектыўны рынак па ёмістасці - як уся прастора Еўразійскага эканамічнага саюза. Калі дадаць яшчэ і суседзяў - Кітай, Іран, Афганістан - выходзіць вялікі па аб'ёмах плацдарм. Замацавацца на ім - гэта ўжо задача беларускіх экспарцёраў, якія атрымалі зялёнае святло на палітычным узроўні.

Візіт прэм'ер-міністра Пакістана сёння актыўна абмяркоўваюць не толькі эканамісты і палітолагі. На форумах у сетцы Інтэрнэт гэтая тэма ў топе ў беларусаў. Больш за ўсё каментарыяў выклікалі амбіцыйныя планы ў гандлі - павялічыць тавараабарот у 15 разоў.

Абмен візітамі паміж Мінскам і Ісламабадам вызначыў выразныя прыярытэты ўзаемадзеяння паміж дзвюма краінамі. Яны стануць ключавымі пунктамі ў дарожнай карце супрацоўніцтва. Міждзяржаўны дакумент знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. Бакі дамовіліся, што ўжо восенню на ўрадавым узроўні будзе ўзгоднены дэталёвы "маршрут" развіцця адносін.