Як не трапіць на вуду аўтамахляроў. Расследаванне карэспандэнтаў Агенцтва тэленавін

27 апреля 2018

Як не трапіць на вуду аўтамахляроў... Сваё расследаванне правялі карэспандэнты Агенцтва тэленавін. Аферысты прадаюць машыны з падробленымі дакументамі і нумарамі. А пры пастаноўцы на ўлік у ДАІ, высвятляецца, што транспартны сродак нават не растаможаны. На дадзены момант у краіне выяўлена ўжо 5 фактаў такога махлярства. Не выключана, што пацярпелых можа быць значна больш. Усе нюансы дэталёва вывучыў наш карэспандэнт Юрый Шаўчук.

Не бітая, не фарбаваная, але ездзіць нельга. Гэтую "аўдзі" Аляксандр купіў у падарунак бацьку паўтара года назад. Малады чалавек сустрэўся з прадаўцом, паглядзеў тавар і нават стэлефанаваўся з уладальнікам машыны. Ніякіх падазрэнняў на той момант у пакупніка не ўзнікала, бо і дакументы, і ідэнтыфікацыйныя нумары, як здавалася, былі ў поўным парадку.

Як пазней высветліцца, чалавека з такімі пашпартнымі данымі нават не існуе, а ўсе дакументы - звычайная ліпа, хоць і якасная. Як успамінае Саша, нават сертыфікат аб праходжанні ТА быў падроблены такім чынам, нібыта машына знаходзілася ў Беларусі з 2012 і кожны год праходзіла тэхагляд. Але ўсё гэта высветлілася прыкладна праз тры месяцы.

Паводле ўсіх дакументаў машына чыстая, але нерастаможаная. Як высветлілася, у 2012 годзе аўто было прыгнана з Еўропы, далей без якіх-небудзь мытных працэдур машыну пераправілі ў Расію, дзе яна і знаходзілася каля пяці гадоў. І вось пасля афёры "аўдзі" апынулася ў двары Аляксандра.

Праверыць растаможаны аўтамабіль ці не, у прынцыпе можна. Для гэтага трэба зайсці на сайт ДПК і ў спецыяльным раздзеле ўвесці ВІН-код машыны. Але, на жаль, пакуль сістэма не дапрацаваная і нават растаможаныя аўтамабілі не заўсёды выяўляюцца.

А вось і сам падазроны. Яго апазнаў Аляксандр. У аб'ектыў камеры відэаназірання мужчына трапіў, калі прадаваў чарговай сваёй ахвяры машыну з падробленымі дакументамі. Таксама аператыўнікі высветлілі, што разам з аферыстам працавала і гэтая жанчына. Ролю кожнага з саўдзельнікаў зараз высвятляюць праваахоўнікі. Дарэчы, да гэтага моманту вядома ўжо аб пяці пацярпелых, але ў міліцыі не выключаюць, што ашуканых пакупнікоў можа быць значна больш. Калі вы ведаеце гэтых людзей, тэлефануйце ў міліцыю.

Георгій Яўчар, афіцыйны прадстаўнік МУС Беларусі:

"Праблема гэтая вельмі актуальная. Дастаткова толькі сказаць, што летась было ўзбуджана больш за 260 крымінальных спраў па фактах продажу ТС па падробленых дакументах альбо з перайначанымі нумарамі кузава. Магчыма гэта стала з-за легкадумства саміх пакупнікоў".

Каб засцерагчы сябе, у МУС раяць, па-першае, купляць аўтамабіль выключна ва ўладальніка, а не праз пасрэднікаў. Па-другое, перад тым як заключыць дагавор куплі-продажу, праверыць аўто па базе ў ДАІ. Таксама варта задумацца, калі на машыне ўжо стаяць транзітныя нумары, а ўладальнік адмаўляецца ад праверкі ў ДАІ. Усё гэта гаворыць, што ў аўто відавочна цёмнае мінулае. Як гавораць у МУС, пасля змены правіл продажу аўто ў аферыстаў практычна не застанецца шанцаў на нелегальныя здзелкі. Не лішнім стала б і стварэнне адзінай базы, дзе людзі ў анлайн-рэжыме маглі б праверыць сваю патэнцыяльную куплю. У Расіі аналагічная сістэма працуе ўжо даўно. А да гэтага людзям трэба быць уважлівей самім, бо, як высветлілася, на вуду да ашуканцаў можа трапіць кожны.