Пасяўная кампанія. Прагнозы сіноптыкаў і планы аграрыяў

11 марта 2020
У цяперашняй сітуацыі  з-за зменлівых умоў надвор’я і павышэння сярэднегадавой тэмпературы аграрыі робяць акцэнт на засухаўстойлівыя і высокапажыўныя травы. Гэта дазваляе мінімізаваць урон для будучага ўраджаю і падтрымліваць пастаянны запас кармоў. Яшчэ адна мера - павелічэнне плошчы азімых культур, бо яны лепш пераносяць засуху. 
Зараз на палях па ўсёй краіне аграрыі вядуць падкормку азімых, уносяць угнаенні і закрываюць вільгаць. А на поўдні краіны - у Брэсцкай, Гомельскай, у некаторых раёнах Магілёўскай вобласці - ужо пачалі пасяўную. 
Задача перад вяскоўцамі стаіць дакладная: правесці работы ў аптымальныя тэрміны з захаваннем усіх тэхналогій. Якасная праца сёння значыць добры вынік  восенню.
Надзея Сербіненка пра тое, як стартуе пасяўная кампанія. 
Сёння  ў Слуцкім раёне, на поўдні Мінскай вобласці,  дажджліва. Але і надвор'е не перашкаджае аграрыям рыхтавацца да пачатку палявога сезона. У гаспадарках завяршаецца падрыхтоўка тэхнікі, на палях працягваецца ўнясенне ўгнаенняў і закрыццё вільгаці ў глебе.
Лёгкі  дождж для пасеваў  толькі на карысць. Бо вільгаці ў глебе не так ужо і шмат. Вопытны трактарыст Віталь Бацечка такой цёплай зімы і не памятае. Зараз для яго галоўнае - паспець хутка пераараць поле, каб тая вільгаць, якая ёсць, не выпарылася.
У гаспадарцы Слуцкага мясакамбіната сяўбу ярыны пакуль не пачалі - глеба не дастаткова прагрэлася. 

Зараз усе сілы кінутыя на якасную падрыхтоўку глебы для пасяўной

Сіноптыкі падлічылі: сярэдняя тэмпература паветра гэтай зімой перавысіла норму на 5 з паловай градусаў. Гэта рэкорд за ўсю гісторыю метэаназіранняў. Міністр сельскай гаспадаркі сёння падкрэсліў: азімыя перанеслі зімоўку нармальна, але ў цэлым пацяпленне ўнесла значныя карэктывы ў планы аграрыяў.
 

Асаблівую ўвагу надаюць і гатоўнасці тэхнікі 

У тых раёнах, дзе сяўбу яшчэ не пачалі, асаблівую ўвагу надаюць і гатоўнасці тэхнікі. Перад пасяўной усе трактары, асабліва энерганасычаныя, павінны быць адрамантаваныя. У кожным раёне працуюць інспектары Дзяржтэхнагляду. Пасля агляду яны даюць фінальнае заключэнне. Так, у Мінскай вобласці да выхаду на палі ўжо гатова больш за 70 % аграрнай тэхнікі. 
Пра тое, што за тэхнікай неабходна сачыць і не дапускаць сур'ёзнага зносу па няўважлівасці, гаварыў і Прэзідэнт на нарадзе з Саўмінам у мінулы панядзелак. 
Дарагая тэхніка, якую кідаюць пад агароджай, а ёй ад сілы гады два,  - такі падыход недапушчальны. Гэта  сур'ёзныя страты не толькі ў грошах, але і ва ўраджаі.

У Гомельскай вобласці праваахоўнікі штодня праводзяць рэйды без папярэджання 

У Гомельскай вобласці праваахоўнікі штодня наведваюць мехдвары сельгаспрадпрыемстваў, каб праверыць спраўнасць тэхнікі. Рэйды праводзяць без папярэджання - каб убачыць рэальную карціну.
Механізатар з Быхаўскага раёна Яўген Нікіцін ад свайго агрэгата для сяўбы і занясення ўгнаенняў у гэтыя дні не адыходзіць ні на хвіліну. Тэхніка павінна быць на хаду. Тым больш такая, усюдыходная. Акрамя яе, у пераўвільготненых палях і прайсці-та нічога не можа. Ды і час падціскае.
500 засеяных гектараў ужо на рахунку быхаўскіх аграрыяў. Наперадзе ўзворванне і падкорм. Для пачатку маштабных прац забяспечаныя і палівам, і насеннем.


У Нясвіжскім раёне ўжо зараз клапоцяцца і аб будучым ураджаі цукровага бураку

Сам пасеў пачнецца не раней за красавік, але ўжо зямлю апрацоўваюць так, каб насенне актыўна прарастала. Адзін з найважнейшых этапаў - баранаванне глебы і занясенне ўгнаенняў. А да канца мая бураковае поле "на дэсерт" атрымае натуральны рэгулятар росту на аснове дражджэй. Гэты важны інгрэдыент павышае ўраджайнасць. 
Услед за паўднёвымі раёнамі ў пасяўную кампанію паступова будуць уцягвацца і паўночныя. Зараз важна правесці працы ў тэрмін і без страт для будучага ўраджаю.