Кадравае пытанне: новыя кіраўнікі ў трох раёнах Мінскай вобласці

16 мая 2022

Кадравая ратацыя адразу ў некалькіх раёнах Мінскай вобласці. Новыя кіраўнікі ў Слуцкім, Старадарожскім і Барысаўскім раёнах. Так, на нечарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў на пасаду старшыні Слуцкага райвыканкама зацверджаны Уладзімір Гога. Пасведчанне яму ўручыў губернатар Мінскай вобласці Аляксандр Турчын. Старшыня аблвыканкама агучыў і задачы, якія сёння стаяць перад Слуцкім раёнам. Акцэнт на эканоміку, стварэнне новых інвестпраектаў і павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці прадуктаў харчавання, а таксама на развіццё малога бізнесу, сацыяльнай сферы і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. А самому гораду з багатай гісторыяй, традыцыямі і працавітымі людзьмі неабходна дадаць лоску,  які адпавядае статусу Слуцка. У наступным годзе горад будзе насіць тытул культурнай сталіцы Беларусі.  

Рэальных спраў на карысць людзей і большай самастойнасці ў прыняцці рашэнняў на месцы чакаюць і ад новага кіраўніка Старадарожскага раёна  Дзмітрыя Сасіновіча, які дагэтуль быў намеснікам старшыні райвыканкама. Старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын выказаў надзею, што раён стане прыкладам для іншых у стварэнні новых працоўных месцаў, добраўпарадкаванні і эканамічным развіцці.    

Сацыяльная інфраструктура ў Старых Дарогах

Сёння ў Старых Дарогах актыўна ствараецца сацыяльная інфраструктура. Ідзе будаўніцтва другой чаргі фізкультурна-аздараўленчага комплексу "АкваСтар". Спартыўныя залы плануюць здаць у эксплуатацыю ў пачатку наступнага навучальнага года. А басейн (пабудаваны і адкрыты ў канцы мінулага) карыстаецца вялікай папулярнасцю ў мясцовых жыхароў. 

Влікая ўвага ў Старых  Дарогах і ўзвядзенню жылля. Завяршаецца будаўніцтва новага жылога дома на 70 кватэр, дзе навасёлам стане 31 шматдзетная сям'я.