Да навагодніх святаў Белпошта выпусціла новыя маркі

28 ноября 2020

Да Раства і Новага года Белпошта выпусціла дзве новыя маркі. Праца над імі пачалася яшчэ ўвесну - дызайн ствараўся з дапамогай камп'ютарнай графікі. Марачныя сюжэты мяняюцца кожны год і ніколі не паўтараюцца. Стваральнікаў канвертнага ўпрыгажэння натхнілі галоўныя героі зімовых святаў. Тыраж кожнай - 30 тысяч. У дадатак былі выпушчаныя 7 тысяч малых лістоў з дзвюма серыямі марак.

Аксана Завадская, рэдактар выдавецкага цэнтра "Марка" РУП "Белпошта": "На каляднай марцы, вось мы яе бачым, намаляваны анёл з дудкай - сімвал дабра, цяпла любові. Як вядома, менавіта анёл стаў веснікам аб нараджэнні Хрыста. На навагодняй марцы - святочныя атрыбуты. Гэта шары, яловыя галінкі, падарункі, а ў цэнтры маркі - галоўны навагодні персанаж Дзед Мароз. Навагоднія і калядныя маркі карыстаюцца попытам не толькі ў калекцыянераў, але ў спажыўцоў паштовых паслуг. Бо кожнаму прыемна атрымаць пасланне з налепленай яркай паштовай маркай".

Марачная прадукцыя кожны год выходзіць у новым фармаце. Сярод цікавых экзэмпляраў - паштовыя маркі па матывах дзіцячых малюнкаў і твораў беларускіх мастакоў у форме ромба і з выкарыстаннем галаграмы і фальгі.