Да акцыі #РомаЖиви далучыліся медыйныя асобы нашай краіны і юныя беларусы

4 мая 2021

Беларусы працягваюць падтрымліваць Рамана - 12-гадовага героя, які вынес з агню малодшага брата і зараз у мінскай бальніцы змагаецца за сваё жыццё. Пад хештэгам #РомаЖиви ў сацыяльных сетках з'яўляюцца фатаграфіі, відэаролікі з цёплымі пасланнямі ў падтрымку хлопчыка з Мядзельскага раёна і яго сям'і. Да акцыі далучыліся медыйныя асобы нашай краіны і юныя беларусы.

У мінулую сераду падлетак, знаходзячыся дома без бацькоў, спрабаваў патушыць пажар і выратаваць свайго паўтарагадовага брата (малыш не пацярпеў). А вось у Ромы больш за 50 % апёкаў цела. Зараз падлетак у Рэспубліканскім апёкавым цэнтры бальніцы хуткай дапамогі і падключаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Рому рыхтуюць да чарговай аперацыі

Паводле апошняй інфармацыі медыкаў, на дадзены момант стан хлопчыка стабілізаваны, але застаецца па-ранейшаму цяжкім. Зараз урачы рыхтуюць яго да чарговай аперацыі. Сёння адбыўся кансіліум з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў аховы здароўя Беларусі і Расіі. Спецыялісты абмеркавалі тактыку лячэння падлетка і выбралі найбольш аптымальны варыянт на дадзеным этапе. Стан здароўя юнага героя і жыллёвае пытанне (а сям'я Ромы засталася без дома) на кантролі кіраўніка дзяржавы.