Гісторыю беларускай маляванкі даследуе жыхарка Нясвіжскага раёна Наталля Плакса

3 февраля 2022
Гісторыю беларускай маляванкі даследуе жыхарка Нясвіжскага раёна Наталля Плакса. Асабліва краязнавец цікавіцца рэгіянальнымі традыцыямі жанру. Гэта напрамак народнага мастацтва, прадметы якога сёння засталіся ў адзінках і патрабуюць асаблівага зберагання. Чым жа каштоўны гэты наіўны арт-напрамак - маляванка? І што новага пра старажытны жанр можа расказаць нясвіжскі аматар-калекцыянер, ведае Наталля Бардзілоўская.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Плакса ў гонар маляванкі піша вершы, малюе ўласныя карціны, рэстаўрыруе сабраную аўтэнтыку гэтага мастацкага жанру (а ў зборы энтузіясткі каля двух дзясяткаў маляваных рарытэтаў). На іх назапашванне жанчына аддае не толькі шмат часу і сіл, але і сродкаў: некаторыя экзэмпляры прыходзіцца купляць, некаторыя - абменьваць на каштоўныя рэчы, штосьці Наталлі дораць, ведаючы яе высакародную місію па захаванні і папулярызацыі роднай культуры.

Рэпрадукцыі маляванак цяпер у календары. Краязнаўца выдала яго за ўласныя сродкі. 11 гадоў Наталля Плакса вядзе спецыяльную рубрыку на Нясвіжскім радыё. Ініцыятыў у гонар народнага мастацтва шмат. 

Збіральніца марыць пра стварэнне рэгіянальнага музея маляванкі: асобнага, па-за межамі Нясвіжскага краязнаўчага музея. Гэтыя рарытэты патрабуюць прасторы паказу і вартыя таго, каб быць прадстаўленымі не ў часовай, а ў пастаяннай экспазіцыі. 

А ўсё пачалося з... паўліна. Выяву казачнай птушкі ў кветкавых зарасніках Наталля 

памятае з дзяцінства. Сёння ў яе калекцыі - паўлін на шкле. Не проста маляванка - сапраўдная мясцовая каштоўнасць! Аўтарства самага знакамітага ў Нясвіжскім раёне стваральніка маляванак Юзіка Мысліцкага. 

Юзік Мысліцкі - чалавек-легенда Нясвіжскага края. Наталля называе яшчэ два імя мясцовых майстроў маляванкі. Фёдар Вініцкі з вёскі Малева і Уладзімір Ульянаў, сам з Расіі, але па асабістых абставінах застаўся жыць і ствараць у нашай краіне. Увогуле, маляванка - не чыста беларускі брэнд. Інсітным ці наіўным мастацтвам захапляліся і рускія, і літоўцы, і палякі, і грузіны. Беларуская ж маляванка адметная сваім почыркам і рэгіянальным каларытам: у кожным краі яе рабілі па-свойму, на розных матэрыялах (тканіне, кардоне, фанеры і шкле). Аб'ядноўвае іх тое, што пісаліся маляванкі непрафесійнымі мастакамі, пераважна яркімі фарбамі, а вобразы заўсёды былі прыгожыя, простыя і пацешныя.

Вядома, пра маляванку не скажаш: твор "высокага мастацтва"! Але, гэта частка побытавай традыцыйнай культуры нашага народа, зберагаць якую і працягваць варта і сёння. У Нясвіжскім краі, і побач - у Клецкім, Капыльскім, Слуцкім - эстафету дэкаратыўнага жывапісу падхапілі юныя. У райцэнтрах працуюць гурткі, студыі, дзе ўжо дзятва спрабуе пісаць маляванкі.