Споўнілася 100 гадоў часопісу "Беларуская думка"

19 мая 2022

Стагоддзе думкі. Грамадска-палітычны і навукова-папулярны часопіс "Беларуская думка" святкуе юбілей. За стагоддзе выданне мноства разоў мяняла сваю назву і аблічча, нязменнай заставалася жывая і бадзёрая думка, актуальнасць і разам з тым аналітычная глыбіня. Шырока асвятляліся найважнейшыя падзеі эпохі: пасляваеннае будаўніцтва, электрыфікацыя вёсак, узвядзенне дамбы Мінскага мора. Абмяркоўваліся надзённыя грамадскія праблемы.

Часопіс застаецца значнай пляцоўкай для дыскусій аб нашай гісторыі, сучасным грамадстве. А аўтарамі артыкулаў выступаюць эксперты сваёй сферы, навукоўцы, вядомыя грамадскія дзеячы - Вадзім Гігін, Аляксей Аўдонін, Аляксей Дзермант і шматлікія іншыя.

Ігар Ганчарук, галоўны рэдактар часопіса "Беларуская думка": 

Цудоўна, што наш часопіс дажыў да гэтых гадоў, таму што пачатак 90-ых быў вельмі складаны як для усёй нашай краіны, так і для нашага часопіса. Але, дзякуй богу, з’явілася “Беларуская думка”, і мы зараз працуем так, каб не было сорамна. Часопіс мае свае трывалыя пазіцыі і ў грамадскім жыцці краіны. 

У 2007 годзе часопіс атрымаў цяперашні статус у структуры БелТА. Выданне акрэдытавана Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй па шасці навуковых кірунках: палітыка, эканоміка, гісторыя, філасофія, філалогія і сацыялогія. Зараз вядзецца праца над тым, каб трапіць у Расійскі індэкс навуковага цытавання.