Мастацтва тэкстылю і керамікі, дызайн мэблі і электракараў - дыпломныя працы выпускнікоў Акадэміі мастацтваў

21 июня 2023

Мастацтва тэкстылю і керамікі, дызайн мэблі і электракараў. Усе творчыя эксперыменты - у дыпломных праектах выпускнікоў факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Акадэміі мастацтваў. "Таямніцы Гальшанскага замка", "Сусветы Драздовіча", тэкстыльны праект прысвечаны развіццю беларускай навукі ў галіне радыебіялогіі.

Выпускныя экзамены ў адкрытым фармаце наведала Ларыса Гулякевіч.

Крэатыўныя мастацкія творы і інсталяцыі з тэкстылю і керамікі. Экспазіцыя ў галерэі Акадэміі мастацтваў - толькі на адзін дзень. Гэта экзамен у адкрытым фармаце - абарона дыпломных праектаў кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма.

Міфалагічныя вобразы Максіма Багдановіча, знакамітыя жанчыны радзівілаўскага роду і нават планеты, куды у марах лятаў Язэп Драздовіч. Усё гэта тэмы дыпломаў – маладых спецыялістаў па кераміцы ці тэкстылі Акадэміі мастацтваў.

"Радзівілы. Праз час". Калекцыя інтэр'ерных тканін і тэкстыльных аб'ектаў - вынік доўгай працы студэнткі 5 курса Маргарыты Шчытнікавай. У аснове дыпломнага праекта - характарныя вобразы жанчын - прадстаўніц роду Радзівілаў, а таксама гістарычныя артэфакты з Нясвіжскага замка.

Пяцікурсніца Таццяна Сохава з дзяцінства захаплялася творчасцю Максіма Багдановіча. Вырашыла ў сваім дыпломным праекце выкарыстаць той факт, што паэт у пачатку творчага шляху ўяўляў сабе Беларусь толькі па казках і легендах, якія знаходзіў на паліцах бацькоўскай бібліятэкі. Таму раннія вершы Багдановіча аб роднай прыродзе населены міфалагічнымі істотамі з беларускага фальклору. Класік іх аб'яднаў "У зачараваным царстве", а майстар Таццяна Сохава так і назвала сваю тэкстыльную калекцыю.

Ад друку і роспісу на тканіне да валодання тэхнікай тонкага ткацтва - юныя мастакі-дызайнеры тэкстылю сумяшчаюць традыцыйныя тэхнікі з наватарскімі. Ведаюць, дзе іх прымяняць у сучаснай прасторы розных інтэр'ераў.

Педагог па тэкстылі Хрысціна Высоцкая, таксама калісьці выпускніца факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, увесь працоўны і вольны час прысвячае наватарскім распрацоўкам. Яе знакамітыя тэкстыльныя скульптуры неаднаразова прадстаўлялі нашу краіну на міжнародных конкурсах і праектах.

Зараз сваімі вынаходніцкімі тэхнікамі дзеліцца са студэнтамі.

А Кацярына Бурко абараняла керамічны праект "Матывы". Сувенірная калекцыя ёлачных цацак з сучаснай інтэрпрэтацыяй беларускага традыцыйнага ткацтва, а менавіта ўзору посцілак.

Крэсла як арт-аб'ект і дызайнерскія беспілотныя спорткары - гэта ўжо дыпломныя праекты факультэта па дызайне мэблі, сродкаў вытворчасці і транспарту. Студэнты-дызайнеры трымалі абарону сёння ў іншай зале Акадэміі. Найбольш паспяховыя праекты з наватарскім падыходам маладых аўтараў чакаюць прэзентацыі на міжнародных арт-прасторах.