Чарговая ўзнагарода інтэлектуальнага шоу "Я ведаю!" знайшла свайго ўладальніка

3 октября 2018

Інтэрактыўную панэль новага пакалення прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі ўручылі Талачынскай школе № 2, дзе вучыцца шасцікласнік Цімафей Спаткай, і гомельскай школе № 19. Яе навучэнец Данііл Галушка сярод васьмікласнікаў стаў пераможцам тэлепраекта.

Нагадаем, прэм'ера інтэлектуальнага шоу адбылася ў мінулым тэлесезоне. Тады ўдзел у перадачы прынялі 336 школьнікаў з усёй краіны. На працягу 33 выпускаў яны адказвалі на складаныя пытанні. У выніку былі адабраныя сямёра наймацнейшых.

Сярод іх і Данііл Галушка, пастаянны ўдзельнік алімпіяд. Сёння ён навучэнец 9-га класа, у будучыні марыць стаць гейм-дызайнерам, вывучаць штучны інтэлект, а ў найбліжэйшы час - зноў пазмагацца за званне пераможца тэлешоу "Я ведаю!".

Белтэлерадыёкампанія і Міністэрства адукацыі вядуць падрыхтоўку да другога сезона. Хутка ўнікальны праект зноў збярэ юных вундэркіндаў, каб знайсці і адзначыць самых эрудзіраваных і таленавітых школьнікаў Беларусі.