Інспектары ДАІ ўзмацняюць кантроль за вадзіцелямі, якія не змянілі летнюю гуму аўто на зімовую

26 ноября 2018

Да 1 снежня яшчэ можна ездзіць, а вось пачынаючы з суботы шыны павінны быць замененыя. З надыходам каляндарнай зімы аўтаўладальнікаў, якія выкарыстоўваюць гуму не па сезоне, чакаюць штрафы.
Ці назіраецца сёння ажыятаж на шынамантажах і колькі каштуюць іх паслугі - матэрыял Аляксандра Хараўца.


Дзмітрый Шчурскі сёння ледзь не трапіў у аварыю. Таму ўсе справы адклаў на пасля і накіраваўся на найбліжэйшы шынамантаж. Вадзіцель з 10-гадовым стажам прызнаецца: дацягнуў з пераабуваннем машыны да апошняга ўпершыню.

 

Дарэчы, у гэтыя дні на шынамантажах стаяць у чэргах не прыйдзецца. Па словах спецыялістаў, пік замены шын на аўто прыпаў на сярэдзіну лістапада. Што тычыцца кошту, то ён у розных пунктах прыкладна аднолькавы.
Калі два тыдні таму Ілья Шык за змену пераабуваў каля 30 аўто, то сёння максімум 5. Зрэшты, самым няпамятлівым вадзіцелям інспектары ДАІ нагадаюць аб неабходнасці змяніць абутак на сезонны.
Дарэчы, штраф за адсутнасць на колах зімовай гумы можа дасягаць 24,5 рубля. Аднак з кожным годам колькасць вадзіцеляў, якія не пераабуваюць свае аўто, значна зніжаецца. І не столькі праз пагрозу пакарання, колькі дзеля бяспекі.

 

І ўсё ж такі зімовая гума не панацэя ад аварый. Таму эксперты раяць змяніць манеру язды на зімовай дарозе - зніжаць хуткасць, павялічыць дыстанцыю і бакавы інтэрвал, пачынаць тармажэнне загадзя і адмовіцца ад лішніх манеўраў.


Без штрафаў ездзіць на летняй гуме можна яшчэ 5 дзён. Але інспектары ДАІ ды і вадзіцелі, якія клапоцяцца аб бяспецы на дарозе, раяць аўтаўладальнікам пераабуцца, каб не паслізнуцца. Дарэчы, ездзіць на зімовых шынах абавязкова тры самыя халодныя месяцы.