Інспектар па Гродзенскай вобласці Іван Лаўрыновіч правёў прамую тэлефонную лінію

18 мая 2020

Працягваюць працу прамыя тэлефонныя лініі


Пытанні добраўпарадкавання вуліц, капітальнага рамонту дамоў, афармленне дачных участкаў сёння былі ў цэнтры ўвагі падчас прамой тэлефоннай лініі памочніка Прэзідэнта - інспектара па Гродзенскай вобласці Івана Лаўрыновіча. За тры гадзіны паступіла 27 званкоў з усяго рэгіёна. Так, пенсіянерка з Гродна, якая выхоўвае сына-інваліда, паскардзілася на нязручны пандус у шматпавярхоўцы. Дом быў здадзены ў 2005, і стары праект ужо не адпавядае сучасным нарматывам. На месцы далі даручэнне - у самыя кароткія тэрміны выправіць сітуацыю і ўладкаваць новы пандус. Таксама датэлефанаваліся жыхары мікрараёна Ласосна-4. Новую дарогу з ужываннем друзава-цэментавай сумесі тут пабудавалі  каля года таму. Але ўжо сёння яна прыйшла ў непрыдатнасць. Прынята рашэнне, што выпраўляць усе хібы будуць будаўнічыя арганізацыі за свой кошт. 

Іван Лаўрыновіч, памочнік Прэзідэнта Беларусі - інспектар па Гродзенскай вобласці: "Людзі звяртаюцца з пэўнымі пытаннямі. І бачаць, як працуе ўлада, як працуе сістэма ЖКГ, і ўносяць, што падкупляе, свае карэктывы. Там бардзюр дрэнна ўсталявалі, там асфальтавая дарожка, дрэнна закаталі. І іншыя пытанні, капітальны рамонт. І выязджаючы на месцы, правяраючы гэтыя моманты, пацвярджаецца. На жаль, ёсць пытанні да якасці рамонту".

Па ўсіх зваротах рашэнні прымуць у найбліжэйшы час і дадуць пісьмовыя адказы.