Інклюзіўны баль аб'яднаў у сталіцы паўтысячы гасцей

13 декабря 2018

На казачны паказ у Палац дзяцей і моладзі прыехалі шматдзетныя сем'і, выхаванцы інтэрнатаў. На працягу чатырох гадзін гледачы ўбачылі выступленні фокуснікаў, танцораў на калясках, а таксама праявілі сябе на шматлікіх творчых майстар-класах. Больш падрабязна Марына Мураўёва.

Вячэрнія сукенкі, прыгожыя туфлі і выгладжаныя каўнерыкі - да балю кожны з яго ўдзельнікаў рыхтаваўся загадзя. Для людзей з асаблівасцямі развіцця гэты вечар сапраўды чаканы. Інклюзіўная пляцоўка сцірае ўсе грані. Абмежаванні фізічныя не перашкода для бязмежнай творчасці, цёплай сустрэчы і новых знаёмстваў.

Вялікі карагод аб'яднаў больш за паўтысячы гасцей. На галоўнай сцэне Мармуровай залы сталічнага Палаца дзяцей і моладзі ўдзельнікаў сустракалі рыцары ў даспехах. Затым пачаўся майстар-клас па старажытных танцах.

Адначасова працавалі і творчыя майстэрні. Стварэнне зімовых букетаў і цацак з фетру, роспіс калядных пернікаў, маляванне на вадзе ў тэхніцы эбру, арыгамі, дэкупаж.

Для тых, хто мае патрэбу ў цішыні, працавала пляцоўка камфорту.
У рэлаксацыйнай зоне можна адпачыць пад гукі прыроды: шуму вады і спеваў птушак. Гэтыя пяць хвілін дапамагаюць перазагрузіцца і зарадзіцца энергіяй як дарослым, так і дзеткам. Для больш актыўных побач гульнявая з канструктарам і цацкамі.

На забаўнай пляцоўцы для самых маленькіх таксама батлейка, міні-спектакль "Калабок", гульні з пяском. Бадзёрага настрою дадавалі клоўны.
Маламабільным гасцям дапамагалі валанцёры. Паўтары сотні студэнтаў былі заўсёды побач – і на майстар-класах, і на інтэрактыўных пляцоўках. А матулі асаблівых дзетак у гэты час маглі крыху адпачыць: побач працавала мабільная цырульня і зона візажыста.

Аквагрым, аніматары і сэлфі ў фотазонах. Інклюзіўны баль падарыў свята ўсім удзельнікам без выключэння. Тут кожны атрымаў найлепшыя лекі - станоўчыя эмоцыі і яшчэ раз пацвердзіў: унутраны свет людзей з асаблівасцямі не менш багаты і яскравы.