Гродна нагадвае адну вялікую канцэртную пляцоўку пад адкрытым небам

9 мая 2019

Перанясемся ў Гродна. Горад увесь акунуўся ў свята і нагадвае адну вялікую канцэртную пляцоўку пад адкрытым небам.

Расказвае Юрый Карняловіч (прамое ўключэнне). Гродна віншуе ўсіх з Днём Вялікай Перамогі. У горадзе ўрачыстасці стартавалі з аўтамотапрабегу. Яго ўдзельнікі наведалі мемарыялы і помнікі, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

Цэнтральным месцам святкавання стаў гарадскі парк Жылібера. Тут прайшоў урачысты мітынг і парад войскаў Гродзенскага гарнізона. Практычна ў кожным мікрараёне працуюць інтэрактыўныя пляцоўкі. Аб побыце і гераічных подзвігах мясцовых жыхароў распавядаюць на "Партызанскай паляне". Даведацца, у якіх цяжкіх умовах прыходзілася працаваць медыкам на перадавой, можна ў "Ваенным шпіталі". Тут пастараліся дакладна ўзнавіць атмасферу, якая панавала ў медсанчасці на перадавой.

Гулянні ў Гродне ў самым разгары. На шматлікіх канцэртных пляцоўках у рэжыме нон-стоп змяняюць адзін аднаго артысты і музычныя калектывы. Разгарнуўся горад майстроў. А мы разам з гараджанамі і гасцямі Гродна працягваем знаходзіцца ў цэнтры святочных падзей.