Грамадзянам Польшчы з 1 ліпеня дазволены бязвізавы ўезд у Беларусь

30 июня 2022

Беларусь заўсёды праводзіла адкрытую і сумленную палітыку, якая адстойвае прынцыпы добрасуседства, міру і ўзаемаразумення. Увядзенне бязвізавага рэжыму, а на сёння бязвіз для грамадзян Літвы і Латвіі дзейнічае да канца года, стала жэстам добрай волі беларускага боку. Кіраўнік дзяржавы прыняў рашэнне аб увядзенні часовага бязвізавага парадку ўезду для грамадзян Польшчы. 

Бязвіз для грамадзян Літвы, Латвіі і Польшчы да канца 2022 года

Усё гэта яшчэ раз пацвярджае імкненне нашай краіны захаваць  з гэтымі краінамі адносіны, якія грунтуюцца на  узаемнай павазе, а таксама кантакты паміж простымі людзьмі нават ва ўмовах санкцыйнага націску на Беларусь. І, дарэчы, нягледзячы на рыторыку асобных палітыкаў  Польшчы і Балтыкі,  менавіта пазітыўныя водзывы і пажаданні іншаземцаў - простых турыстаў -  пераканалі прадоўжыць бязвізавы рэжым. 

І згодна з прынятым рашэннем Прэзідэнта, грамадзянам Польшчы будзе дазволена наведванне пагранічнай зоны без пропуску. Пры ўездзе ў  Беларусь дастаткова вусна паведаміць месца і мэту наведвання. Для бязвізавага ўезду неабходна прад'явіць сапраўдны дакумент для выезду за мяжу, зялёную карту (пры перамяшчэнні на аўтамабілі), а таксама медстрахоўку.  Нагадаем,  што для перасячэння мяжы ПЛР-тэст і сертыфікат аб вакцынацыі не патрэбныя. 

Прынцыпы добрасуседства 

І як ужо адзначалі ў знешнепалітычным ведамстве нашай краіны, практыка бязвізу паказала наяўнасць значнай цікавасці ў замежных грамадзян да Беларусі. Пасля працяглага кавіднага перапынку нашы суседзі атрымалі магчымасць сустрэцца са сваякамі, наведаць магілы родных, вырашыць бытавыя пытанні і атрымаць асалоду ад прыгажосці нашай краіны.