Дасведчаных кліентаў банкі рыхтуюць ужо са школы

19 марта 2016

У рамках Тыдня фінансавай граматнасці, які штогод праходзіць ва ўсім свеце, банкаўскія работнікі далі ўрок вучням Азярцоўскай школы Мінскага раёна. Дзяцей пазнаёмілі, як правільна распараджацца грашыма, у прыватнасці, сямейным бюджэтам. Распавялі пра дэнамінацыю і паказалі грошы новага ўзору. Падрабязнасці ў рэпартажы Ксеніі Лебедзевай.

Добрыя фінансавыя звычкі фарміруюцца з дзяцінства. Таму дасведчаных кліентаў банкі і іншыя фінансавыя арганізацыі пачалі рыхтаваць ужо са школы. Тэма ўрока - сямейны бюджэт.

Урок праходзіў у форме займальнай віктарыны. За кожны правільны адказ дзеці зараблялі новыя беларускія рублі. Не сапраўдныя, а толькі іх узоры. Арганізатары такім чынам вырашылі пазнаёміць школьнікаў з маючай адбыцца дэнамінацыяй.

Тыдзень фінансавай граматнасці штогод праходзіць больш як у 120 краінах свету. Паводле звестак даследаванняў, 75 % падлеткаў ад 14 да 17 гадоў маюць уласныя грошы.

Наталля Корбут, намеснік начальніка ўпраўлення ААТ "АСБ "Беларусбанк": "Мы разумеем, што гэта будучыня нашых укладчыкаў, атрымальнікаў, уладальнікаў каштоўных папер. І праца ў гэтым кірунку вядзецца і Нацыянальным банкам, і Міністэрствам адукацыі".

Адно з галоўных правіл, якое агучылі дзецям, - з кожнага паступлення грошай, пакуль гэта толькі кішэнныя, неабходна адкласці 10 % і жыць на 90. А адкладзеныя можна пакласці ў банк.

Віктар Савіцкі, дырэктар ДУА "Азярцоўская сярэдняя школа": "Дзеці атрымліваюць яшчэ і дадатковыя веды ў пытанні фінансавай граматнасці. І гэта будзе адназначна спрыяць іх станаўленню як асоб".

У фінансавую адукацыю дзяцей і моладзі Беларусь актыўна ўключылася чатыры гады таму. Такія ўрокі праводзяцца не толькі ў школах, але і на прадпрыемствах, сярод пенсіянераў. У планах распрацоўка спецыяльнага курсу фінансавай граматнасці для школьнікаў.