Героі наступнага рэпартажу ўжо два гады спрабуюць вырашыць жыллёвае пытанне

3 марта 2015

Так у першым выпадку ў жыхароў Астрашыцкага Гарадка згарэў дом. А вось аднавіць яго ўладальнікам не дазваляюць, больш за тое, вырашаецца пытанне аб канфіскацыі зямельнага ўчастка. У іншым выпадку ўжо ў Капыльскім раёне з-за будаўнічага браку пад пагрозай разбурэння 16 жылых дамоў. Як вырашаюцца праблемы на месцах, высвятляў Аляксандр Харавец.

Два гады назад вось на гэтым месцы стаяў драўляны дом. Аднак пажар цалкам яго знішчае. Мясцовыя жыхары просяць ва ўлад дазволу на яго рэканструкцыю. І атрымліваюць. Аднак праз некаторы час будаўнічыя працы прыпыняюцца.

Сёння яго ўладальнікі, а гэта тры сям'і, жывуць у часовым жыллі, якое ім выдзелілі пасля пажару. І спрабуюць зноў адбудаваць дом, у якім нарадзіліся і выраслі. Пасля таго, як стары будынак знеслі і ўмацавалі падмурак, мясцовыя ўлады забаранілі будаўнічыя працы.

Жанна Сакалдынская, жыхарка аг. Астрашыцкі Гарадок: "Нягледзячы на тое, што мы прадаставілі ўсе дакументы, вось ёсць праект узгоднены галоўным архітэктарам Цітковым С.С. У тым ліку зроблена і тэхнічнае заключэнне, якое паказвае, што тыя канструкцыі, якія выкарыстоўваюцца ў праектаваным будынку, падлягаюць рэканструкцыі і магчымасці іх выкарыстання".

Прычынай адмовы ў рэканструкцыі стаў новы генеральны план развіцця Астрашыцкага Гарадка. І хоць яго распрацавалі пасля таго, як далі дазвол на аднаўленне дома, участак трапіў у рэкрэацыйную зону. Кіраўніцтва сельвыканкама тлумачыць, што будынак на гэтым месцы адсутнічае, зямельны надзел, па ўсім відаць, будзе канфіскаваны.

Андрэй Мацкевіч, старшыня Астрашыцка-Гарадокскага сельвыканкама: "Мы павінны канфіскаваць гэты ўчастак, але перад тым як канфіскаваць, прапанаваць грамадзянам новы зямельны ўчастак. На жаль, у дадзены момант, адшукаць на тэрыторыі гарадка зямельны ўчастак няма магчымасці".

Сяргей Пархомчык, галоўны спецыяліст КДК Мінскай вобласці: "Неадназначная рэакцыя кіраўніцтва як сельвыканкама, так і райвыканкама на бяду людзей. Намі былі падрыхтаваны лісты на кіраўніцтва аблвыканкама і райвыканкама з улікам усіх заслуг гэтых людзей забяспечыць ім прытулак, і таму рашэнне зараз за мясцовымі органамі ўлады".

Праблемы якасці жылля ёсць не толькі ў Мінскім раёне. У Капыльскім амаль два дзясяткі дамоў у літаральным сэнсе трашчаць па швах.

8 гадоў назад сям'я Лосевых пераехала ў новы дом. Зрабілі рамонт і пачалі абжывацца. Расколіны з'явіліся яшчэ летась. Жыць у такім доме для сям'і з двума маленькімі дзецьмі як мінімум - небяспечна, таму яны звярнуліся да будаўнікоў з просьбай адрамантаваць жыллё. Пасля правядзення незалежнай экспертызы высветлілася, яшчэ 16 такіх жа дамоў пад пагрозай разбурэння. Спецыялісты тлумачаць - прычына ў газасілікатных блоках, з якіх і ўзводзілі дом.

Будаўнікі сваёй віны не адмаўляюць, і ўжо пачалі рамонт будынкаў за ўласныя сродкі. Праўда, пасля распараджэння мясцовых улад і дзяржкантролю. Зараз з дамоў здымаюць верхні пласт тынку - для сушкі, замяняюць блокі і ўмацоўваюць сцены. Будаўнікі абяцаюць скончыць рамонт дамоў ужо ў маі.