Футбольныя клубы "Шахцёр" і "Энергетык-БДУ" пазбаўлены медалёў чэмпіянату Беларусі - 2022

11 мая 2023

Салігорскі "Шахцёр" і "Энергетык-БДУ" пазбаўлены залатых і сярэбраных медалёў адпаведна ў чэмпіянаце краіны па футболе сезона-2022.

Камітэт кантрольна-дысцыплінарны і па этычных пытаннях АБФФ разгледзеў звесткі са Следчага камітэта Беларусі аб тым, што падчас леташняга першынства кіраўніцтвам "гарнякоў" былі арганізаваныя дагаворныя матчы. Таксама ажыццяўлялася неправамернае фінансавае стымуляванне каманд Вышэйшай лігі.

Акрамя пазбаўлення медалёў, абодва клубы (а таксама бабруйская "Белшына") зарабілі вялізныя штрафы. У калектываў аднімуць ачкі ў цяперашнім чэмпіянаце, а таксама ў першынстве наступнага сезона. І "Шахцёр", і "Энергетык-БДУ" не возьмуць удзел у Еўракубках. Больш за 20 асоб атрымалі дыскваліфікацыі ад футбольнай дзейнасці тэрмінам ад паўгода да пяці гадоў.

Дададзім, чэмпіён Беларусі 2022 года вызначаны не будзе. БАТЭ застанецца з бронзавымі медалямі. Менавіта барысаўчане прадставяць краіну ў Лізе чэмпіёнаў. Мінскае "Дынама" і "Іслач" выступяць у Лізе канферэнцый.