Фронт з моцнымі ліўнямі і ветрам пакінуў у Мінскай вобласці сур'ёзныя наступствы

21 июня 2017

Найбольш ад стыхіі пацярпеў Слуцкі раён, там штармавы вецер пашкодзіў дахі жылых дамоў, паваліў дзясяткі дрэў і апоры лініі электраперадачы. Град знішчыў пасадкі. Усяго ў цэнтральным рэгіёне часткова заставаліся без электрычнасці 126 населеных пунктаў.

Падрабязна Ян Пашкевіч. Першай жа хваляй паветранага цунамі з дома Марыі Каляды цалкам змыла дах. Па сценах палілася дажджавая вада і затапіла пакоі. Ад стыхіі гаспадыня схавалася ў агародзе - праз хвіліну вецер зламаў літаральна за метр ад дома векавую таполю.

Гэты дом прыняў галоўны ўдар стыхіі - астатнія пабудовы, можна сказаць, крыху закранула, але ж па некалькі лістоў шыферу страцілі. З раніцы ў вёсцы працуюць брыгады неадкладнай рамонтнай дапамогі.

Паводле слоў відавочцаў, ударныя хвалі ветру прайшлі некалькімі этапамі. Шквалістага напору не вытрымалі дахі дзясяткаў дамоў і некалькіх малочна-таварных комплексаў. Град памерам з курынае яйка пабіў пасевы сельгаспрадпрыемства.

Амаль 130 дамоў ураган адрэзаў ад электраэнергіі - кабелі рваліся ад паваленых дрэў, а ў вёсцы Селішча стыхія скасіла лінію электраперадачы разам са слупамі.

У лепшым выпадку святло вернецца ў дамы да надыходу цемры. У астатніх населеных пунктах лініі аднавілі яшчэ да апоўдня.

Ударыла стыхія і па аўтаўладальніках - у сталіцы дрэва ўпала на тры прыпаркаваныя аўто, у тым ліку і на машыну хуткай дапамогі.