Фронт са Скандынавіі прынясе пахаладанне

12 декабря 2016

У Беларусь пасля адлігі вяртаецца зіма. Фронт са Скандынавіі нясе ў краіну тэмпературу на 1-3 градусы ніжэйшую за кліматычную норму. Ноччу чакаецца да мінус 15. Пакуль дарожныя і камунальныя службы спрабуюць справіцца з наступствамі снегападу. Праца ідзе кругласутачна ва ўзмоцненым рэжыме. Рэкардсменам за мінулыя суткі па колькасці ападкаў стала Гомельская вобласць. У рэгіёне ўведзены план "Надвор'е". Тут вышыня гурбаў дасягае 11 сантыметраў.   У Гомелі на дапамогу камунальнікам прыйшлі і інспектары ДАІ, яны суправаджаюць снегаўборачную тэхніку.

Падрабязна Вольга Халадовіч. Больш за 100 адзінак тэхнікі, амаль 650 дворнікаў і каля 500 тон пясчана-салянай сумесі. Гомельскія камунальнікі выйшлі на вуліцы горада напярэдадні ноччу і дагэтуль працягваюць убіраць снег. Яго ў Гомельскай вобласці выпала больш за ўсё ў краіне. Дапамагаюць расчысціць дарогі і прадпрыемствы.

Камунальнікі просяць дапамогі і ў жыхароў горада. Дваровыя тэрыторыі вызваляюць ад снегу толькі пасля таго, як будуць чыстымі асноўныя вуліцы. Таму крыху энтузіязму не перашкодзіць. Бо на аднаго дворніка ў сярэднім прыпадае тэрыторыя 8, а то і 9 двароў.

Дапамагчы дворнікам і вызваліць двор ад снегу можа кожны. Дастаткова толькі жадання і лапаты. Спецыялісты пераконваюць: калі нават палова жыхароў папрацуюць усяго паўгадзіны, ніводнай гурбы ў двары не застанецца.

Гэта яшчэ адна праблема вялікіх гарадоў і маленькіх двароў. "Падснежнікі" часта не проста перашкаджаюць жыць, а становяцца прычынай аварый. Многія гаспадары знойдуць свае аўто ўжо на штрафстаянцы.

Непагадзь стала прычынай аварыі і ў Бабруйску. У выніку сутыкнення маршрутнага таксі і легкавога аўтамабіля траўмы атрымалі тры чалавекі - пасажыры мікрааўтобуса. Іх даставілі ў бальніцу.

Згодна з прагнозамі сіноптыкаў, у найбліжэйшыя дні зіма не плануе здаваць свае пазіцыі. Чакаюцца снегапады, будзе ветрана. А значыць і гарадскія службы будуць працаваць ва ўзмоцненым рэжыме.