У Маскве стартаваў матч Кубка Дэвіса паміж зборнымі Расіі і Беларусі

14 сентября 2018

Аматары вялікага тэніса ў гэтыя дні пільна сочаць за падзеямі ў "Лужніках". Тут сёння стартаваў матч Кубка Дэвіса паміж зборнымі Расіі і Беларусі. Пачалася барацьба з двух адзіночных матчаў. А заўтра ў парным паядынку на корты "Лужнікоў" выйдзе і наш Максім Мірны. Адзначым, у сваёй групе каманды ўжо сустракаліся на мінскіх кортах 14 гадоў таму. Тады перамога была за намі.

Пра цяперашні расклад і падзеі сённяшняга дня даведаемся ў Дар'і Белавусавай-Пятроўскай. Пад гімны Беларусі і Расіі ў залу малой арэны спарткомплекса "Лужнікі" выносяць флагі дзвюх краін. Па традыцыі каманды абменьваюцца вымпеламі, і пачынаецца гульня першай пары. Паводле жараб'ёўкі, матч Расія - Беларусь Кубка Дэвіса пачынаюць беларус Ягор Герасімаў і яго расійскі сапернік - Карэн Хачанаў.

Хачанаву 22 гады, ён першая ракетка Расіі ў мужчынскім разрадзе. У рэйтынгу ATP ён займае 25-е месца. У Герасімава пакуль 263-я пазіцыя, але затое ён больш вопытны ў гульне за зборную ў Кубку Дэвіса. На рахунку ў беларуса 19 матчаў, дзе ў адзіночцы ён атрымаў 14 перамог і пацярпеў толькі тры паражэнні.

Першы сэт сапернікі згулялі на роўных. Ягор добра бачыў корт, дэманстраваў моцную і дакладную падачу. Аднак Хачанаў захапіў ініцыятыву і прынёс першае ачко камандзе Расіі. Лік матча 6:7, 3:6.

На корт выходзіць другая пара. Беларус Ілья Івашка і расіянін Данііл Мядзведзеў. Абодва ўваходзяць у топ-100 рэйтынгу ATP. Івашка на 99-м месцы, Мядзведзеў на 35-м.

Але, нягледзячы на розніцу ў рэйтынгах, абодва гульцы паказваюць высокі ўзровень тэніса. Гэтым разам мацнейшым аказаўся беларус. Лік матча 7:6, 6:4. Такім чынам, пасля першага гульнявога дня лік роўны 1:1.

І заўтра тут, на малой арэне "Лужнікоў", пройдуць парныя паядынкі. За Беларусь гуляе легендарны Макс Мірны, самы вопытны і тытулаваны ўдзельнік зборнай. У Кубку Дэвіса за нацыянальную каманду правёў 94 матчы, з якіх 24 перамогі ў адзіночным разрадзе і 36 у парным.