Феерверкам і дыскатэкай завяршыўся культурна-спартыўны фестываль "Вытокі" ў Баранавічах

4 июня 2023

Напярэдадні завяршыўся другі этап культурна-спартыўнага фестывалю "Вытокі". Тысячы беларусаў актыўна правялі суботні дзень у Баранавічах.

Дзятва з задавальненем удзельнічала ў алімпійскім квэсце, за праходжанне якога многія атрымалі каштоўныя прызы. А каля 900 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце да дзевяці гадоў выйшлі на старт алімпійскага забегу (гэта адметнасць новага сезона). Паказ адзення беларускіх прадпрыемстваў "Роднае - моднае" і конкурс песеннага тэксту "Вершы пра галоўнае" таксама сабралі шматлікую публіку.

Завяршылася свята ў Баранавічах традыцыйна канцэртам з удзелам зорак беларускай эстрады, феерверкам і дыскатэкай. Падхоплівае эстафету Слонім. Адзін з найбольш старажытных гарадоў Беларусі прыме культурна-спартыўны фестываль 16 і 17 чэрвеня.