Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі рэканструюе Курган Славы

16 марта 2015

Да святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі рэканструюе Курган Славы. Пра такія планы сёння журналістам расказаў старшыня аб'яднання Міхаіл Арда. Мемарыяльны комплекс недалёка ад Мінска ўжо 1 мая заззяе сотняй святлодыёдных агнёў. Акрамя таго, адрэстаўруюць мазаіку ордэнаў і назіральную пляцоўку і, вядома, цалкам адрамантуюць кожную з прыступак, што вядуць на вяршыню кургана. 

Працягне тэму Ксенія Рабчынская.

Амаль паўстагоддзя таму гэтае месца стала ледзь не самым папулярным турыстычным маршрутам Савецкага Саюза. У 1969-м Курган Славы ўзводзілі ў прамым сэнсе жменя за жменяй - сюды з гарадоў-герояў і месцаў бітваў людзі прывозілі зямлю для насыпу. Сёння тут па-ранейшаму 35 метраў у вышыню. Напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі прама ля падножжа мемарыяла кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў расказвае журналістам, якім будзе новае жыццё нашай гісторыі ўжо праз некалькі тыдняў.

Міхаіл Арда, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі: "Прафсаюзам аказаны вялікі гонар і давер, і мы пастараемся правесці ўсе неабходныя работы і па рамонце і па рэстаўрацыі, каб Курган Славы да юбілейнай даты, да 9 Мая, сапраўды паўстаў у абноўленым і ўрачыстым выглядзе".

Па планах, ужо 1 мая мемарыяльны комплекс недалёка ад Мінска заззяе яркім святлодыёдным падсветам (толькі ля падмурка насыпу размесціцца 48 лямпаў), да таго ж па-новаму асветляць усю тэрыторыю навокал і, вядома, саму скульптурную кампазіцыю. Індывідуальны святлодыёд атрымае таксама кожная з 482 прыступак, што вядуць на назіральную пляцоўку.

Таццяна Данская, дырэктар прыватнай кампаніі: "Падмурак, як каралі, і асвятленне прыступак таксама будзе вытрымана ў строгім стылі, будзе ў вячэрні час ствараць камфортныя ўмовы для кожнага наведвальніка. У прынцыпе гэта можна назваць такой прыступкай памяці".

Акрамя таго, абедзве лесвіцы адрамантуюць, а там, дзе неабходна, прыступкі заменяць. Апошнім штрыхом, па планах, стане супрацькратовае пакрыццё самога насыпу і поўнае абнаўленне дзірвана. А ўжо сёння працуюць і над скульптурнай кампазіцыяй - кольцам з барэльефамі.

Адрэстаўруюць і мазаіку на назіральнай пляцоўцы. Тут жа з'явіцца спецыяльны святлодыёдны падсвет. Па планах, ён будзе чырвонага колеру і павінен нагадваць Вечны агонь.

Святочны падсвет можна будзе ўбачыць ужо 9 Мая. Ёсць і другі рэжым асвятлення - можна сказаць, паўсядзённы. Але і ён таксама зробіць комплекс яркім і прыкметным з трасы М2.

Акрамя таго, Федэрацыя прафсаюзаў выступіла з ініцыятывай рэстаўраваць яшчэ пяць мемарыялаў па ўсёй краіне. У кожным рэгіёне абласная арганізацыя забяспечыць рэканструкцыю аднаго знакавага помніка. А гэта значыць, што да святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі другое жыццё атрымаюць як мінімум шэсць знакавых аб'ектаў.