"Экспрэс ААН-70" працягвае свой шлях па нашай краіне

27 октября 2015

Сёння састаў прыбыў у Гомель. Акцэнты мерапрыемстваў тут - ліквідацыя наступстваў чарнобыльскай аварыі, стварэнне безбар'ернага асяроддзя, дапамога бежанцам і перасяленцам. У праграме - прэс-канферэнцыі, круглыя сталы, сустрэчы ў ВНУ і бальніцах, а таксама выставы, канцэрты і майстар-класы. Сёння Гомельская вобласць афіцыйна далучылася да Дэкларацыі прыхільнасці мэтам устойлівага развіцця. Палажэнні дакумента будуць улічаныя ў далейшай сумеснай працы Беларусі і Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Акрамя таго, на сустрэчы ў Гомелі абмеркавалі і рэалізацыю ў нашай краіне сумеснага з ПРААН праекта па развіцці мясцовых ініцыятыў.

Кацярына Паніклава, намеснік пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Беларусі: "Пачынаем новую краінавую праграму з 2016 года. Яна складаецца з 4 кірункаў, але тэма Чарнобылю праходзіць праз усе з іх - дзяржаўнае кіраванне, мясцовае развіццё, навакольнае асяроддзе, энергаэфектыўнасць і развіццё чалавечага капіталу. Кошт гэтай праграмы 82 мільёны долараў на 5 гадоў, таму, я мяркую, праз гэтую праграму вельмі шмат таксама прыйдзе ў рэгіён гомельскі".

Зараз у Беларусі рэалізуецца сумесны праект ПРААН і ЕС "Мясцовае развіццё". Ён разлічаны да 2017 года. Агульны кошт праекта - 5 мільёнаў еўра. Ужо заўтра састаў "Экспрэс ААН-70" будуць сустракаць у Магілёве.