Экспазіцыя "Беларуская атмасфера": французскі мастак малюе Беларусь

5 сентября 2023

У галерэі "З'ява" Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі адкрылася выстава француза, які любіць Беларусь. Іў Жаё - ураджэнец гарадка Дэсіз у цэнтральнай Францыі, цяпер амаль наш зямляк: ён пераехаў жыць у Віцебск. Сваё стаўленне да нашай краіны выказвае... у карцінах! У экспазіцыі "Беларуская атмасфера" ён прадэманстраваў некалькі дзясяткаў сваіх работ, прысвечаных хараству нашай краіны. Наталля Бардзілоўская ўбачыла выставу і пазнаёмілася з аўтарам.

Французскі мастак малюе Беларусь

Першае, чым пакарыў Іў Жаё, - французская галантнасць: спецыяльна для здымак (а гэта быў не вернісаж) пераадолеў 200 кіламетраў, мастак хацеў сам прэзентаваць свае работы і расказаць пра сябе.

Уразіў выдатнай рускай мовай, якую вывучыў самастойна! Пра сябе адразу cказаў галоўнае: у Беларусь прыехаў за жонкай - яна беларуска, з Віцебска, пасяліліся і жывуць у горадзе на Дзвіне. Шмат падарожнічаюць па Беларусі. Такім чынам разважаць пра новую краіну для жыцця Іў Жаё можа праз рэальныя асабістыя ўражанні ад працяглых вандровак.

Яго падарожжы па Беларусі - з жонкай і з "наборам мастака": мальбертам, пэндзлямі, фарбамі.

Іў піша нацюрморты, а больш за ўсё нашы краявіды і прызнаецца: лепшых не бачыў, хаця праехаў па многіх краінах і творчы стаж мастака 30 гадоў.

Любімыя поры года для яго - "пераходныя": восень, вясна, хаця радуецца і нашай зіме - сапраўднай, з маразамі і снегам, такую на сваёй радзіме даўно не бачыў. Як мастак схільны прывязвацца да аднаго месца і вяртацца маляваць яго шмат разоў: у іншае надвор'е, іншую пару года. Любімыя жывапісцы, з якіх вучыўся пісаць, - класікі імпрэсіянізму Жан Батыст Шардэн і Каміль Каро. Сам Іў непрафесійны мастак і не мае адпаведнага дыплома, што не перашкаджае яму быць яркім, шчырым і пераканаўчым у мастацтве.

Іў Жаё - патомны мастак. Жывапісам займаўся яго дзядуля Амадэ, такім чынам эстафету падхапіў і ўнук. Праўда, для яго выяўленчае мастацтва стала аматарствам, прагай душы. Пераехаўшы з Францыі ў Беларусь, Жаё поўнасцю аддаў сябе мастацтву: у яго асабістых запасніках 250 работ. Жаё ладзіць выставы.

Цяперашняя выстава не першая. Работы Іва бачылі ў Віцебску і Мінску. У прэзентаваных экспазіцыях мастак не паўтараецца, яму важна кожны раз здзіўляць - і гэта атрымліваецца. Напрыклад, барысаўская выстава - гэта не проста экспанаванне твораў, а магчымасць для гледачоў атрымаць адну з карцін аўтара ў якасці падарунка!

Карціна чакае свайго ўладальніка, і яшчэ ёсць час паўдзельнічаць у латарэі ад Іва Жаё: выстава працуе да 10 верасня.