Экалагічны турызм у Беларусі атрымае большую дзяржаўную падтрымку

25 августа 2016

Пры гэтым ахова навакольнага асяроддзя застанецца на высокім узроўні. Пра гэта сёння заявілі ў Налібоцкай пушчы, дзе адбылося сумеснае пасяджэнне калегій Міністэрства прыродных рэсурсаў і Міністэрства спорту і турызму. Ці патрэбны экатурызму адзіны брэнд, дзе адкрыюць новыя маршруты - Аляксей Кандраценка.

Незлічоная колькасць раслін, сотні відаў жывёл, птушак і рыб. Усё гэта багацце падзялілі паміж сабой Мінская і Гродзенская вобласці. Нацыянальны прыродны здабытак прыцягвае да сябе ўсё больш турыстаў.

Экалагічная сцежка ў Налібоцкай пушчы - аптымальны варыянт для тых, хто выбірае, напрыклад, модны хайкінг або веласіпедную прагулку. Усяго адзін кіламетр як раз для таго, каб пачаць маршрут.

Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі, як і нацыянальныя паркі або запаведнікі, павінны мець свой вядомы брэнд - сыходзяцца ў меркаванні кіраўнікі прыродаахоўнага і спартыўна-турыстычнага ведамстваў краіны. Аднак пры гэтым захаваецца і кантроль за антрапагенным фактарам ўздзеяння на лясы і вадаёмы.

Спрашчэнне ўмоў працы агра- і экасядзіб, а таксама зняцце бар'ераў для наведвання замежнымі турыстамі нашай краіны - яшчэ адзін ключавы момант, які пазітыўна адаб'ецца на іміджы краіны. Разам з гэтым свае бонусы атрымае і эканоміка, бо, згодна з падлікамі, кожны замежны госць за суткі ў сярэднім пакідае ў Беларусі сто еўра.

Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі - зялёны каркас прыроды Беларусі. Толькі сёлета яго ўзмоцнілі два новыя біясферныя рэзерваты. З часам там будзе развівацца інфраструктура. Гэта хоць і невялікія, але эфектыўныя меры ў падтрымцы экалагічных ініцыятыў, а значыць і ўсёй прыродаахоўнай сістэмы ў цэлым.