Яе можна пазнаць па блакітным і жоўтым колеры

27 мая 2014
Арнітолагі заахвочваюць аматараў жывой прыроды шукаць самую яркую птушку Беларусі - залатую шчурку ці пчалаедку. Прадстаўніца трапічнага атрада, экзатычная, гэта птушка - рэдкі для нашай краіны жыхар, таму занесена ў Чырвоную кнігу. Зімуе залатая шчурка ў Афрыцы, да нас прылятае вясной. Сёлета тэрыторыяй даследавання стане сталічны рэгіён. Трапіць у каманду аматараў і прафесійных арнітолагаў яшчэ ёсць час.

Карына Салавей, спецыяліст па акцыях і кампаніях ГА Ахова птушак Бацькаўшчыны: Каб трапіць на нашу экскурсію 31 мая, трэба ўступіць у клуб Рэдкая птушка. Для гэтага варта запоўніць анкету на сайце, яна невялікая, і заплаціць гадавы ўнёсак. Звычайна ў нас шмат мерапрыемстваў запланавана. З бліжэйшых будзе летнік у чэрвені ў Залессі для людзей, якія імкнуцца навучыцца назіраць і адрозніваць птушак.


Штогод пад апекай Аховы птушак Бацькаўшчыны праходзяць дзве тэматычныя экскурсіі па месцах пасялення рэдкіх птушак. Аматары галасістых прыгажуноў сачылі за жыхарамі рыбгасаў і гарадскіх паркаў. Наперадзе летнія і восеньскія лагеры, прысвечаныя назіранню за жаўрукамі, ластаўкамі і аўсянкамі.