Адзіны абаронца Брэсцкай крэпасці, хто дажыў да сённяшняга часу, адзначае юбілей

14 мая 2019
Пятру Паўлавічу Кацельнікаву - 90 гадоў. Ветэрана сёння павіншавалі прадстаўнікі пасольства Беларусі ў Расіі і здымачная група нашага тэлеканала. Калі пачалася вайна, Пятру Кацельнікаву было 12 гадоў. Выхаванца музычнага ўзвода 44 стралковага палка перавялі ў Брэсцкую крэпасць літаральна за 3 месяцы да вайны, у сакавіку 1941. Нягледзячы на паважаны ўзрост і практычна поўную страту зроку, ён памятае  дэталі першага дня вайны.

У Брэсцкай крэпасці Пётр Кацельнікаў знаходзіўся да канца чэрвеня. Пасля няўдалага прарыву атрада трапіў у палон да немцаў. Уцёк. Хаваўся на акупаванай тэрыторыі, дапамагаў партызанам. Перамогу сустрэў на Урале, дзе працаваў на танкавым заводзе. Больш за 30 гадоў аддаў арміі. Прайшоў шлях ад радавога да афіцэра. І сёння, як ён сам гаворыць, яго галоўная задача - распавядаць падрастаючаму пакаленню пра вайну, каб ведалі і памяталі. А галоўная мэта - дажыць да 75-годдзя Перамогі.