Адзіны спелярый у СНД працуе ў Салігорску

23 августа 2013
Гэтым летам тут прынялі рэкордную колькасць пацыентаў. Рэспубліканская бальніца спелеалячэння - гэта спецыяльна абсталяваны пад лячэбны корпус тунэль, дзе ўжо завершана здабыча руды.

На глыбіню чатыры сотні метраў, каб паглядзець на лячэбны працэс знутры, спусцілася Анастасія Багамолава.

Галоўныя госці саляной шахты раніцай - дзеці, старэйшыя за 10 гадоў. Бранхіяльная астма, хранічны бранхіт і алергія - тыя прычыны, па якіх яны гуляюць у футбол не на вуліцы, а пад зямлёй на глыбіні 400 метраў. Як высветлілася, такое лячэнне ім толькі ў здавальненне.
Спелеатэрапія - адзін з самых эфектыўных немедыкаментозных метадаў лячэння і рэабілітацыі пацыентаў з хваробамі органаў дыхання. Агульны курс лячэння - 18 дзён. Ён уключае 15 спускаў у шахту. Але назначаецца спелеапрацэдура не ўсім.

Наталля Дубовік, намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскай бальніцы спелеалячэння: Супрацьпаказанні - гэта абвастрэнні хранічных захворванняў, вострыя захворванні. Узроставыя абмежаванні могуць быць, паколькі пацыенты могуць мець паталогію. Часцей за ўсё гэта сардэчна-сасудзістыя захворванні, павышаны артэрыяльны ціск, парушэнні рытму сэрца.

Спелеабальніца ў Салігорску адзіная ў Беларусі. Яна ўнікальная, мае сваю інфраструктуру, якая і спрыяе стабільнаму мікраклімату спелеаасяроддзя.

Перш чым трапіць да пацыентаў, паветра праходзіць па спецыяльным лабірынце, дзе і ачышчаецца ад шкодных прымесяў і мікробаў. Каб зразумець, наколькі яно чыстае, звычайна спецыялісты прыводзяць такое параўнанне: у 10 разоў чысцейшае, чым у аперацыйнай.

Пацыенты спелеалячэбніцы ў асноўным беларусы. Але і замежныя госці (а яны часцей за ўсё з Расіі, Прыбалтыкі і Германіі) высока ацэньваюць якасць аздараўлення ў Беларусі.
А для тых, хто па стане здароўя не можа спусціцца ў саляную шахту, ёсць наземная магчымасць аздараўлення - наведаць спелеапакой.

Рэспубліканская бальніца спелеалячэння прапануе комплексны падыход да аздараўлення. Акрамя наведвання саляной шахты, вам прапануюць СПА-паслугі, радыёхвалевы ліфтынг з касметалогіі, а таксама водныя працэдуры. А каб трапіць у спелеабальніцу, трэба звярнуцца да свайго ўчастковага тэрапеўта.