Палац дзяцей і моладзі адзначае юбілей

14 мая 2015

Паўстагоддзя плённай працы. Сталічны палац дзяцей і моладзі адзначае юбілей. Нягледзячы на паважаны ўзрост, установа выглядае  маладой  дзякуючы асаблівай атмасферы. Сёння тут дзейнічае больш за 800 гурткоў, секцый, клубаў і займаюцца 8 тысяч дзяцей і падлеткаў. У гэтыя хвіліны палац пераўтварыўся ў суцэльную святочную пляцоўку. Антаніна Станкевіч далучылася да віншаванняў.

 

Пачыналася ўсё з 20 гурткоў і 20 педагогаў. У далёкім 1965 годзе ў сталіцы адкрыўся Палац піянераў. Амаль праз 20 гадоў галоўная дзіцячая ўстанова пазашкольнай адукацыі атрымала ў падарунак новы вялікі будынак на Старавіленскай. А сёння тут навучаюцца больш за 8 тысяч дзяцей - колькасць гурткоў, секцый і клубаў перасягнула за 800.

Сёння Палац дзяцей і моладзі – адна суцэльная святочная пляцоўка. Фішка ўрачыстасці – інтэрактыўная панарама. Навучэнцы і педагогі палаца ўсім гасцям прэзентуюць свае магчымасці.

Танцавальныя, мастацкія, вакальныя, інтэлектуальныя – сёння ў палацы дзейнічаюць гурткі на любы густ. Прымаюць сюды дзяцей з трох гадоў. А для падлеткаў адзін з асноўных напрамкаў работы - прафарыентацыя. У 14-15 гадоў яны ўжо авалодваюць асновамі некаторых прафесій. Святкаваць тут будуць яшчэ некалькі гадзін. А ўвечары выхаванцы палаца на вялікай сцэне Беларускага музычнага тэатра на вялікім канцэрце прадэманструюць усё, чаму навучыліся.