Два дзясяткі фаер-спектакляў, прысвечаных Купаллю, пакажуць пад Мінскам

16 июня 2017

Два дзясяткі фаер-спектакляў, прысвечаных Купаллю, пакажуць пад Мінскам артысты з розных гарадоў і краін. Малады калектыў з Вілейкі рыхтуе казку – танец з агнём. У рэпертуары – купальская, шатландская і рок-праграмы з незвычайнай пластыкай і вогненнымі трукамі.

Некалькі элементаў асвоіла і Аляксандра Драгун. Два гады таму яны загарэліся адной ідэяй - прыручыць вогненную стыхію. І літаральна за 5 месяцаў чатыры фаершчыкі з Вілейкі падрыхтавалі 17-хвіліннае шоу. Назіраць перапляценне агню і ацаніць мастацкую задуму вогненнага спектакля можна толькі пры пэўных дэкарацыях – пасля захаду сонца.

Цяга да агню стала фундаментам не толькі для стварэння адзінага на Вілейскі раён фаер-калектыву – яшчэ і для кахання і гісторыі новай сям'і.

У арсенале вогненных артыстаў разнастайны рэквізіт: стаф, снэйкі, камета, у тым ліку стандартныя поі. Іншымі словамі - пара дэкаратыўных вузлоў, прымацаваных да металічнага ланцуга. Каб пасля выступлення ад аксесуараў не застаўся попел, іх вырабляюць з трывалага матэрыялу – горнага лёну.

Для трэніровак у калектыву дзве пляцоўкі. У харэаграфічнай зале фаершчыкі адточваюць рухі і сцэнічнае майстэрства. Калі нумар гатовы, расфарбоўваюць яго колерамі жывога полымя. У рэпертуары – купальская, шатландская і рок-праграмы. Самы эфектны элемент амаль кожнага выступлення – выдзіманне агню.

Спецыяльнага дазволу для выступлення фаер-групы не трэба. Дастаткова прытрымлівацца правілаў бяспекі, каб побач знаходзіўся вогнетушыцель, паміж гледачамі і артыстамі была агароджа, а адлегласць ад сцэнічнай пляцоўкі да найбліжэйшага будынка - не менш за 15 метраў.

Зараз калектыў рыхтуецца да фестываляў на вольным паветры. Найбліжэйшы – "Свята Сонца" ў Пухавіцкім раёне. Два дзясяткі калектываў з розных краін прывязуць свае вогненныя спектаклі. Фаер-група з Вілейкі пакажа казку – танец з агнём.