"Дударыкі" рыхтуюцца да чарговых прэм'ер

7 июня 2023

Да чарговых прэм'ер і выступленняў рыхтуюцца каларытныя "Дударыкі"! Удзельнікі заслужанага аматарскага калектыву свае рэпетыцыі і сустрэчы па інтарэсах не ставяць на паўзу і летам. Захопленасць творчасцю і падрыхтоўка новых канцэртных нумароў аб'ядноўвае таленавітых вучняў 14-й гімназіі сталіцы.

Пра апантаных народнай культурай і традыцыямі дзяцей і дарослых, якія здолелі зрабіць ансамбль знакамітым, - рэпартаж Наталлі Бардзілоўскай.

"Жывы" канцэрт пад адкрытым небам. Запрошаны ўсе! Для наведвальнікаў парку Заводскага раёна гэта нечаканы і прыемны музычны падарунак. Людзі спыняліся, фатаграфавалі, апладзіравалі - стваралі артыстам тую атмасферу, падчас якой адчуваеш сябе запатрабаваным. Зрэшты, эмацыянальныя выступленні, як і захапленні гледачоў, для гэтых музыкантаў - справа звыклая. 

Юныя артысты заслужанага аматарскага калектыву "Дударыкі" выступалі ў Германіі і Карэі, у амерыканскім Джэрсі і гарадах Вяликабрытаніі, Германіі, Расіі. Тры гады таму "Дударыкі" адзначаны спецпрэміяй Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва. За паспяховае прадстаўленне нашай краіны за мяжой і за дасягненні ў галіне аматарскага мастацтва.

Беларускае народнае мастацтва яны правезлі па 20 краінах свету! "Дударыкі" - унікальны дзіцячы калектыў, у якім кожны ўмее і спяваць, і танцаваць, і іграць на некалькіх музычных інструментах. А іх у гурце назапасілі каля трох соцень найменняў ! Вось, напрыклад, акарана, аказалася, не проста традыцыйным беларускім, а яшчэ і італьянскім інструментам.

Іграюць музыканты "Дударыкі" на аўтарскіх інструментах: скрыпках, гармоніках, дудах работы вядомых беларускіх майстроў - Судніка, Лычкоўскага, Астрэйкі - з два дзясяткі імёнаў. Агучваюць юныя таленты і тыя прылады, іграць на якіх іншаму і ў галаву б не прыйшло: тут гук здабываюць з маслабоек, прасаў, піл, падкоў.

Восенню "Дударыкам" споўніцца 53! Праз ансамбль прайшлі пакаленні юных музыкантаў. Некаторыя сёння самі бабулі і дзядулі - прыводзяць у калектыў сваіх унукаў! Так і кіраўнік Дзмітрый Ровенскі далучыў да народнай творчасці ўнучку Сафію.

Канцэртнай пляцоўкай для іх могуць быць як гарадскія, так і вясковыя залы, лакацыі open-air. Але вось яно - "гняздовішча" - самыя любімыя, родныя падмосткі пад дахам гімназіі нумар 14. Тут пачынаўся калектыў. Тут жыве і сёння. Памяшканне для рэпетыцый максімальна камфортнае. Не зала - музей, дзе на паліцах рарытэтныя гармонікі (калекцыя кіраўніка) і фотапалотны на ўсю сцяну - калісьці "Дударыкаў" на творчасць благаславіў сам Уладыка Філарэт!