"Дажынкі" сёлета пройдуць у Вілейцы

10 сентября 2015

Галоўнае свята аграрыяў Мінскай вобласці - "Дажынкі" - сёлета пройдзе у Вілейцы. Так кіраўніцтва вобласці ўзнагародзіла раён. Тут атрымалі рэкордны ўраджай - амаль 50 цэнтнераў з гектара. Зараз горад актыўна рыхтуецца да святкавання. З абласнога бюджэту на падрыхтоўку выдаткавалі 10 мільярдаў рублёў. Антаніна Станкевіч раскажа больш падрабязна.

Руслан Садоўскі пераможцам раённых і абласных спаборніцтваў становіцца не ўпершыню. За рулём камбайна з 15 гадоў. У свае 24 атрымаў столькі грамат, дыпломаў і падзяк, што хопіць, каб цалкам заклеіць сцены ў вялікім пакоі. Але кожную ўзнагароду прымае з асаблівым хваляваннем - як у першы раз. Усё гэта ад любові да сваёй працы - на поўным сур’ёзе кажа хлопец.

Дарэчы, аграрыі Вілейшчыны сёлета спрацавалі з выдатнымі вынікамі - рэкордныя амаль 50 цэнтнераў з гектара. І гэта не ўрадлівая паўднёвая глеба, а адзін з самых паўночных раёнаў вобласці. Такі вынік адзначылі і кіраўніцтва цэнтральнага рэгіёна (адсвяткаваць "Дажынкі" вырашылі менавіта тут, у Вілейцы), і мясцовае начальства. Паказчыкі паўплывалі і на заробкі аграрыяў.

Зараз горад актыўна рыхтуецца да галоўнага свята аграрыяў. У цэнтральным парку ўжо з’явіліся дзве новыя дзіцячыя пляцоўкі, а таксама спартыўныя снарады для аматараў моднай плыні - варкаўта. Да лістапада трэба паспець адрамантаваць гарадскі Дом культуры. І, вядома ж, прыдумаць цікавую праграму святкавання. Дарэчы, адметную атмасферу створаць яшчэ на пад’ездах да Вілейкі.

На падрыхтоўку да абласных "Дажынак" з бюджэту выдаткавалі 10 мільярдаў рублёў. Ну а само свята адзначаць 14 лістапада. Усе героі жніва атрымаюць заслужаныя ўзнагароды. Арганізатары абяцаюць: нікога не забудуцца ўшанаваць.