Ветэран Лідзія Волкава прымае віншаванні і дзеліцца сваімі гісторыямі пра вайну

6 мая 2020
У свае 16 яна бясстрашна ратавала параненых салдат і сама ледзь засталася жывая. А таму пераможны май для яе асаблівы. У гэты юбілейны год Лідзія Волкава,  як і ўсе ветэраны, прымае віншаванні ад маладога пакалення і ахвотна дзеліцца сваімі гісторыямі.

Расказвае Алена Вітко.

Нарадзілася Лідзія Волкава ў Расіі ў Нікалаеўскай вобласці. Пасля 7 класаў пайшла вучыцца ў школу медсясцёр. А далей  марыла паступіць у інстытут. Але ўсе планы 16-гадовай дзяўчыны перакрэсліла вайна. Так Лідзія трапіла ў аўтахірургічны атрад. Гэта нешта накшталт неадкладнай хуткай дапамогі. 

Лідзія Волкава, ветэран Вялікай Айчыннай вайны: "Параненыя былі вельмі цяжкія. Раненні разнастайныя: і галава, і грудзі, жывот, ногі, рукі. Пераважна асколачныя. І страшна было падысці да гэтага чалавека. Хтосьці маўчыць бледны, трывае. Хтосьці крычыць, лаецца".

Дапамогу аказвалі і днём, і ноччу. А атрад перамяшчаўся па маршрутах вайны. Сталінград, Курск, Прохараўка. Затым Беларусь, Польшча, Германія. Разам з калегамі Лідзія Кандрацьеўна ратавала жыцці і ратавалася сама. 

Аднаўленне  і зноў у бой. За жыццё салдат Лідзія Волкава змагалася да самай перамогі. А ў гэту навіну  адразу нават не паверыла. Тыя ж эмоцыі зноў і зноў ветэран перажывае, гледзячы на фота, зробленае 8 мая ў рэйхстагу.

У свае 95 гадоў Лідзія Кандрацьеўна беражліва захоўвае памяць пра вайну. Вядзе дзённік, дзеліцца ўспамінамі. Асабліва трапятліва заўсёды перажывае пераможны май. Сёлета 9 Мая ветэран сустрэне дома, але гэта ніяк не паўплывае на баявы дух і настрой. 

Віншаванні Лідзія Кандрацьеўна прымае кожны дзень. Юбілейны медаль да 75-годдзя Перамогі ўжо на новым кіцелі. Галоўныя словы "Дзякуй за Перамогу"  сёння асабліва каштоўныя.