Дакументальны фільм "Ржэў. 500 дзён у агні" - прэм'ера на "Беларусь 1"

14 апреля 2021
Прэм'ера на "Беларусь 1" - ужо сёння наш тэлеканал пакажа ўнікальны праект Саюзнай дзяржавы - фільм "Ржэў. 500 дзён у агні". Дакументальная стужка аб трагічных падзеях Вялікай Айчыннай стане сапраўднай сенсацыяй, даступнай толькі тэлегледачам першай кнопкі. Бо фільм сутыкнуўся з абмежавальнымі мерамі відэахостынга YouTube і быў заблакіраваны. Раней аб Ржэўскай бітве не прынята было гаварыць, бо трыумфальнай яна не стала. Нягледзячы на загад вызваліць стратэгічны пункт ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў за тыдзень, баі працягваліся больш за год. Па ліку ахвяраў бітвы пад Ржэвам - адны з самых кровапралітных не толькі за ўсю Вялікую Айчынную, але і наогул за гісторыю чалавецтва. Ржэў каштаваў 1 324 000 жыццяў. І толькі летам 2020-га подзвіг савецкіх салдат быў ушанаваны ў камені. У Ржэўскім раёне Цвярской вобласці адкрылі помнік загінуўшым у баях пад Ржэвам. У цырымоніі ўдзельнічалі кіраўнікі краін Беларусі і Расіі. Такая ўвага да гісторыі - яшчэ адзін доказ: наша сіла ў памяці.

Фільм пазнаёміць з гісторыяй ваенных дзеянняў. Унікальныя кадры ваеннай хронікі, інтэрв'ю з экспертамі, каментарыі гісторыкаў і жывыя ўспаміны ўдзельнікаў бітвы.  Дакументальны фільм "Ржэў. 500 дзён у агні" выйдзе ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" сёння пасля "Панарамы" і 17 красавіка ў 15:40. Не прапусціце.