Да 1 верасня ўсе жылыя дамы ў сталіцы павінны атрымаць пашпарты гатоўнасці да ацяпляльнага сезона

22 июля 2015

Зараз жа камунальшчыкі рыхтуюцца да зімы: рамантуюць дахі, замазваюць шчыліны ў сценах і рыхтуюць інжынерныя сеткі да падачы цяпла. Дарэчы, амаль 80 працэнтаў жылога фонду ўжо цалкам гатовыя да зімы.

Антаніна Станкевіч прадоўжыць тэму.

Вось гэтае невялікае памяшканне – цеплавузел – сэрца ацяпляльнай сістэмы ўсяго жылога дома. Менавіта адсюль гарачая вада па трубах ідзе да кожнай кватэры. Зараз камунальшчыкі рыхтуюць інжынернае абсталяванне да надыходу халадоў. Работы хапае - трэба ўсё прывесці ў парадак ужо зараз, бо ліквідаваць паломку зімой будзе вельмі складана.

Усё абсталяванне ў гэтым доме працуе бесперабойна, запэўніваюць спецыялісты. Але пазбегнуць адключэння гарачай вады жыхары гэтага дома ўсё роўна не змогуць, бо трэба адрамантаваць яшчэ і вонкавыя камунікацыі – для гэтага і адключаюць гарачую ваду. Але праз некалькі месяцаў можна будзе не хвалявацца з-за холаду ў кватэры.

Пасля дэманстрацыі цеплавузла нашай здымачнай групе дзверы зачыняюць на ключ – ён захоўваецца ў дыспетчарскай ЖЭСа. Атрымаць яго можа толькі майстар па комплексным абслугоўванні дома альбо прадстаўнік аварыйнай брыгады ў выпадку паломкі. Трапіць унутр цеплавузла больш ніхто не можа. Але падрыхтаваць інжынерныя сеткі – толькі палова справы. Зараз у сталіцы актыўна вядзецца рамонт дахаў, пад’ездаў і шчылін у сценах, каб цяпло не страчвалася дарэмна.

Напрыканцы лета спецыяльная камісія падвядзе вынікі работы камунальшчыкаў. Правераць спраўнасць абсталявання і якасць усіх рамонтных работ.

Ацяпляльны ж сезон у сталіцы пачнецца, калі на працягу пяці сутак сярэдняя тэмпература паветра не паднімецца вышэй за 8 градусаў. Але да магчымых капрызаў надвор’я камунальшчыкі павінны быць гатовыя ўжо зараз.