Да 1 чэрвеня плануецца завяршыць рамонт абсталявання на дзіцячых пляцоўках сталіцы

29 мая 2017

Гульнявыя зоны дапоўняць спецыяльныя інфастэнды, на іх прапішуць правілы паводзін, патрэбныя нумары аператыўных службаў і інфармацыю пра адказных за абслугоўванне абсталявання.

З надыходам школьных канікул у дварах і на вуліцах з'яўляецца усё больш дзяцей. Што ім дазволена, што забаронена і хто адказны за бяспеку дзяцей? Высветліў Аляксандр Харавец.

Дзесяцігадовыя Дзіма Шчарбіна і Саша Кліменка - вопытныя веласіпедысты. У кожнага за плячыма пяцігадовы стаж. І хаця на камеру хлопцы прызнаюцца: баяцца аўто і стараюцца ездзіць па тратуарах, аднак у запале гульні нярэдка выскакваюць і на праезную частку.

Ролеры і скейтары таксама аддаюць перавагу асфальтаванай дарозе, а не пешаходнай зоне з тратуарнай пліткай. Гэта і зразумела: усё ж такі трасяніны менш. Аднак пагроза трапіць пад колы аўто ўзрастае. І ў інспектараў ДАІ такіх прыкладаў нямала.

Супрацоўнікі ДАІ не стамляюцца нагадваць бацькам аб тым, што неабходна глядзець за сваімі непаўналетнімі дзецьмі, у тым ліку і на дзіцячай пляцоўцы. Адных можна пакідаць у тым выпадку, калі сыну ці дачцэ споўнілася 7 гадоў.

Двухгадовая Яна з відавочным задавальненнем спускаецца з горкі. Па словах маці Таццяны Пляшак, калі добрае надвор'е, то дачку з вуліцы не выцягнуць. І хаця пляцоўка невялікая, аднак месца хапае. Адзінае, што перашкаджае, – машыны, вадзіцелі якіх у пошуках свабоднага месца могуць заехаць прама на тэрыторыю для гульні.

Гульнявыя пляцоўкі вабяць не толькі малых дзяцей і вучняў пачатковай школы, аднак і тых, хто бавіць час на горках і каруселях пасля таго, як горад засынае.

Сёння ў сталіцы большасць дзіцячых пляцовак антывандальныя. Аднак некаторыя жыхары дома ўмудраюцца зламаць нават жалезныя арэлі. Вось як у гэтым выпадку. І зрабілі гэта дакладна не пяцігадовыя дзеці.

Максім Сафонаў абслугоўвае 85 дзіцячых пляцовак толькі ў Партызанскім раёне. Майстар прызнаецца: абход гульнявой прасторы камунальшчыкі робяць штодня, і ўсе паломкі на арэлях або каруселях аператыўна стараюцца ліквідаваць.

Сродкі на рамонт дзіцячых пляцовак выдаткоўваюць гарадскія службы. І сёння ў сталіцы налічваецца больш за 45 тысяч адзінак гульнявога абсталявання. Да 1 чэрвеня ўсе павінны быць прыведзены ў парадак.

Па словах прадстаўнікоў камунальных службаў, большая частка сапсаваных арэляў, горак ці каруселяў яшчэ магла б служыць не адзін год, калі б не так званыя вандалы. Таму ў найбліжэйшы час на кожнай дзіцячай пляцоўцы з'явяцца інфастэнды, дзе прапішуць нумары экстранных службаў і адказных за абслугоўванне гульнявога абсталявання. З'явіцца інфармацыя аб забароне курэння, выгулу сабак і распіцця спіртнога. Тым жа, хто будзе грэбаваць агульнапрынятымі правіламі, пагражаюць штрафы.