Для велікагрузаў будуць дзейнічаць абмежаванні руху па пінскім мосце

29 октября 2018

Каб абнавіць інфраструктуру ў Пінску, прыйшлося прымяніць ледзь не прэвентыўныя меры. Гарадскі мост не вытрымлівае нагрузкі. Рэкамендацыі спецыялістаў: каб не дапусціць бяды, рух фур па пуцеправодзе вырашана абмежаваць, бо гэтая пераправа цераз раку Піна - шлях стратэгічны, альтэрнатыўнага маршруту ў столінскім напрамку няма. Дарога - важная магістраль і для сувязі з суседняй Украінай. Ці будзе новы мост у сталіцы Палесся, высвятляла наша здымачная група.

Гэты мост адзіны ў Пінску, размешчаны ў гістарычнай частцы горада. Уяўляе сабой сапраўдны арт-аб'ект, на апорах якога адлюстраваныя асноўныя славутасці горада. Аднак пабудаваны ў 70-ыя гады мінулага стагоддзя сёння ён не вытрымлівае інтэнсіўнасці аўтамабільнага патоку.

За суткі цераз Піну ў сярэднім перамяшчаецца каля 5 тысяч машын. Апорныя канструкцыі пераправы цераз раку 45 гадоў таму не былі разлічаны на такі трафік. Планавае абследаванне паказала: металічныя пралёты ржавеюць і маюць дэфекты. Сёння мост мае патрэбу ў рэканструкцыі і ўзмацненні. Да таго ж за дзясяткі гадоў эксплуатацыі яго ні разу не рамантавалі капітальна. А гэта стратэгічна важны шлях не толькі для сталіцы Палесся, але і для краіны.

Дзеля бяспекі трафік па мосце абмежаваны па рэкамендацыі навукоўцаў БелдарНДІ. На гэта ўказваюць усталяваныя на ўездзе дарожныя знакі і таблічкі. Увага толькі да велікагрузаў. Фуры масай звыш 20 тон павінны перамяшчацца на адлегласці 60 метраў адна ад адной. А вось уезд на мост машын з 50 тонамі і зусім не дапускаецца. Дадаткова дзяжураць і кантралююць сітуацыю супрацоўнікі ДАІ і транспартнай інспекцыі. Гавораць: былі выпадкі, калі даводзілася не пускаць фуры з-за перавышэння танажу. Вадзіцелі да такіх вымушаных мер ставяцца з разуменнем. Многія курсіруюць па мосце штодня.

Сапраўды, увесь трафік з габарытных аўто (а за суткі гэта больш як паўтары тысячы машын!) ідзе праз гістарычную частку горада і ўплывае на транспартныя праблемы ў самім Пінску. Будаўніцтва аб'язной дарогі і новага моста палепшыць дарожную сітуацыю, але аб увасабленні ў жыццё гэтага важнага праекта можна будзе гаварыць толькі пасля 2020 года. Зараз, па словах спецыялістаў, галоўнае - адрамантаваць наяўны мост з улікам перспектыў развіцця горада.

Абмежаванні руху для велікагрузаў па пінскім мосце будуць дзейнічаць, пакуль пераправу не рэканструююць. Пакуль жа ні кошт, ні тэрміны капітальнага рамонту стратэгічна важнага моста невядомыя.