Для Беларусі і Латвіі гэтыя дні праходзяць пад знакам добрасуседства

9 февраля 2013
Зараз пры неабходнасці рыжане і госці гэтага горада змогуць знайсці ўсё, што выкліча ў іх цікавасць аб нашай краіне, пачынаючы турызмам і заканчваючы культурай і спортам. Прычым, адкрыццё інфацэнтра гэта далёка не ўсё. Прэзентавалі ў Рызе і Цэнтр прававой інфармацыі.
Беларускі інфармацыйны цэнтр размясціўся, можна сказаць, у самым цэнтры Рыгі. Адгэтуль да старога горада літаральна хвілін пяць прагулачным крокам. Ды і сам будынак незвычайны. Гэта акадэмічная бібліятэка вядучай ВНУ краіны - Латвійскага ўніверсітэта.
Уваход на адзін з паверхаў будынка, канкрэтна - на чацвёрты, сёння заступіла чырвоная стужачка. Аднак нечаканасцю гэта не стала. Усяго некалькі хвілін - і вось ужо шлях адкрыты, а, значыць, афіцыйна адкрыты і першы ў Латвіі Беларускі інфармацыйны цэнтр. Стаўку зрабілі менавіта на інфармацыю аб нашай краіне, інфармацыю канкрэтную і аб'ектыўную. Як гавораць тут, рашэнне правільнае.
Па сутнасці, усяго некалькі кабінетаў, але гэтага цалкам дастаткова, каб кожны ахвотнік змог у любы час прыйсці сюды і даведацца пра ўсё, што яго цікавіць. Ад Беларусі культурнай і спартыўнай да навуковай, прававой і нават турыстычнай.
І ўсё ж афіцыйна прэзентавалі наш інфармацыйны цэнтр у вялікай зале акадэмічнай бібліятэкі. Ды і яна не змагла змясціць усіх гасцей: беларуская дыяспара ў Латвіі адна з самых шматлікіх - без малога 80 тысяч чалавек, і гэта толькі паводле афіцыйных звестак. Калі ж гаварыць пра супрацоўніцтва дзвюх краін, то тут, як прызнаўся Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол, слабых сфер няма. Але асаблівы гонар - гэта супрацоўніцтва гандлёва-эканамічнае: летась нагандлявалі на рэкорд - больш за тры мільярды долараў. 
З гэтага часу бізнесу стане яшчэ больш проста. Сёння ж у Рызе прэзентавалі і Цэнтр эталоннай прававой інфармацыі. Унікальная распрацоўка нашых спецыялістаў: усяго некалькі клікаў камп'ютарнай мышкай - і ўся заканадаўчая база Беларусі на маніторы. Шматлікіх дакументаў у адкрытым доступе ў Інтэрнэце няма. А абнаўляць інфармацыю абяцаюць кожны дзень.
Увесь час, пакуль ішла афіцыйная цырымонія прэзентацыі, а гэта некалькі гадзін, упершыню ў гісторыі ў будынку акадэмічнай бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта часцей гучала беларуская мова, чым латышская. У найбліжэйшы час тут, у Беларускім інфармацыйным цэнтры, адкрыюцца курсы беларускай мовы.