Людзі, якія атрымаюць ганаровую узнагароду - "Чалавек года Мінскай вобласці"

14 апреля 2018

Яны не толькі добрыя людзі - гэта, як вядома, не прафесія, але і па-сапраўднаму адданыя сваёй справе спецыялісты кожны ў сваёй галіне. Яны не шкадуюць сіл, каб прыносіць карысць усім, хто знаходзіцца побач. Настаўнікі, фермеры, ратавальнікі, ляснічыя - сёлета іх аб'ядноўвае ганаровае званне "Чалавек года Мінскай вобласці". Антаніна Станкевіч пазнаёмілася з энергічнымі і апантанымі людзьмі, якія знайшлі сваю справу жыцця.

За адным сталом у гэтай сям'і збіраюцца даволі рэдка - атрымліваецца хіба што раз на тыдзень. Такая работа - быць кіраўніком амаль паўтысячнага калектыву - справа адказная: прыходзіцца выязджаць раніцай, а вяртацца дадому, калі сцямнее. Праўда, для сваіх дзяўчат заўсёды знаходзіць і час, і добрае слова.

Пра такіх, як дырэктар Чэрвеньскага лясгаса, кажуць, што чалавек паўсюль паспявае. Сёлета, напрыклад, трэба пасадзіць прыкладна 150 тысяч саджанцаў на трохстах гектарах. Догляду патрабуе і цэх піламатэрыялаў - штогод тут перапрацоўваюць 25 тысяч кубоў драўніны, далей прадукцыя ідзе на экспарт. Зусім ужо дробязямі здаюцца клопаты з хатай паляўнічага: але ж рамонт нумароў і нават новыя вальеры для сабак патрабуюць часу, сіл і… натхнення.

Літаральна пяць хвілін - і з дырэктарам сельгаспрадпрыемства Васілём Кулакоўскім лёгка б размінуліся. У такія цёплыя вясеннія дзянькі "не сядзіцца ў хаце". Пасяўная нават у паўночным Лагойскім раёне пачалася, а таму прыходзіцца знаходзіцца ледзь не ў трох месцах адначасова. Работа такая, паціскае плячыма гаспадар, аднак яе ні на якую іншую не прамяняе.

У свае 58 ён з лёгкасцю падцягваецца, адціскаецца і нават пераадольвае паўмарафоны. Здаровы лад жыцця дырэктар Языльскай сярэдняй школы падтрымліваць пачаў яшчэ да таго, як той стаў модным трэндам. Звычайныя вясковыя бегавыя спаборніцтвы "Языльская дзясятка" і "Языльскія старты" ператварыліся ў нацыянальныя фестывалі. А мясцовая зборная з аніводнага спаборніцтва не вяртаецца без кубкаў, медалёў ці грамат.

Мікалай Грузд не без гонару кажа, што ён тут - самы што ні на ёсць карэнны. Перспектыўнага студэнта адпраўлялі ў Віцебск, абласны цэнтр з нецярпеннем чакаў настаўніка. Але ўпарты юнак адправіўся на малую радзіму. І ні разу не пашкадаваў: тут не толькі знайшоў справу жыцця, але і спаткаў свой лёс.

Праз некалькі дзён усе гэтыя людзі атрымаюць ганаровую узнагароду - "Чалавек года Мінскай вобласці". Такія прэміі ўручаюць штогод самым апантаным і адданым сваёй прафесіі. Адным словам - ёсць за што.