Дзіцячая чыгунка гэтымі днямі перажывае маштабную рэканструкцыю

2 апреля 2014
Ідзе рамонт платформаў на станцыях Заслонава і Сасновы бор. Акрамя гэтага будаўнікі цалкам мяняюць чыгуначнае палатно вузкакалейкі. Да рамонту дзіцячай чыгункі далучыліся нават яе ўладальнікі - самі дзеці.

Ці паспеюць будаўнікі правесці ўсе работы да адкрыцця сезона, ведае Аляксандр Харавец.

Штодзень на дзіцячай чыгунцы працуюць каля сотні манцёраў. Спецыялісты ўжо замянілі большую частку палатна. Пра ідэальную роўнасць дзвюх паралельных рэек пакуль гаварыць рана. Зараз ідзе рыхтоўка пуці.

За 59 гадоў існавання дзіцячай чыгункі капітальны рамонт пуцей праводзіцца упершыню. Пад замену пойдуць каля 4 кіламетраў рэек і больш за 7 тысяч шпалаў.

Новае чыгуначнае палатно дазволіць цягнікам развіваць большую хуткасць. Паменшыцца і пахістванне лакаматыва падчас руху.

Акрамя гэтага на станцыях Заслонава і Сасновы бор аднаўляюцца пасажырскія платформы. Будаўнікі ўжо знялі старое пакрыццё і пачалі ўкладку тратуарнай пліткі. Кіпіць праца і ў самім будынку вакзала. Тут заменяць падлогу, унутры памяшкання пафарбуюць сцены і адновяць люстры.

Дапамагаюць аднавіць дзіцячую чыгунку і яе юныя гаспадары. У вольны час яны з граблямі ў руках і вясёлым запалам прыбіраюць смецце вакол пуцей.

1 мая па традыцыі на адноўленай дзіцячай чыгунцы стартуе летні сезон. З песнямі, вясёлымі конкурсамі і пад гучны гудок адправіцца поезд па маршруце Заслонава - Сасновы бор.