Дзясяткі медыкаў самых розных профіляў аб'ядналіся ў барацьбе з каранавірусам

24 апреля 2020
Анлайн-курс лекцый для ўрачоў, якія працуюць з COVID-19, рыхтуюць у Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Хутка праграма з'явіцца ў інтэрнэце. Аднак ужо сёння на сайце ўстановы адукацыі (belmapo.by) можна знайсці напамінкі для дактароў і паглядзець навучальныя відэа пра тэхніку бяспекі. Нагадаем, дзясяткі медыкаў самых розных профіляў зараз аб'ядналіся ў барацьбе з каранавірусам. І ўсё ж знайшлі час распавесці, як зараз праходзяць іх будні. Юлія Грызунт - аб экстраннай перакваліфікацыі. 

Экстранная перакваліфікацыя

Ігар Чаркасаў па профілі гінеколаг. А на справе сёння яшчэ і інфекцыяніст, медбрат, нават псіхолаг, калі прыйдзецца. З тых часоў як у картках яго пацыентаў з'явілася пазнака "COVID-19", змянілася не толькі праца - усё жыццё. Сустрэчы з бацькамі зараз толькі па фейстайме, рэдкія паходы ў магазін - у масцы і пальчатках. Ігар - адзін са шматлікіх дактароў, каму давялося перакваліфікавацца і пайсці на барацьбу з пандэміяй. 

А без 20-ці 8 на працы і ўжо ў поўным экіпіяванні Андрэй Вяргейчык. Загадчык гінекалагічнага аддзялення 10 бальніцы. 

Андрэй Вяргейчык - загадчык гінекалагічнага аддзялення 10-й гарадской клінічнай бальніцы г. Мінска: "Нас сабраў намеснік галоўнага ўрача і аб'явіў, што магчымы пераход нашай бальніцы ў рэжым інфекцыйнага стацыянара. А таму ўсе аддзяленні і супрацоўнікі былі перапрафіляваныя. І ўся праца пачалася ў рэжыме інфекцыйнай бальніцы".

Андрэй прызнаецца: ён не баіцца віруса. Дзейнічаючы строга па пратаколе, заразіцца амаль немагчыма. Вось толькі каб выконваць гэтыя бяспечныя ўмовы, прыходзіцца ахвяраваць камфортам. 

Андрэй Вяргейчык, загадчык гінекалагічнага аддзялення 10-й гарадской клінічнай бальніцы: "Знаходзіцца 24 гадзіны ў бруднай зоне ў сродках індывідуальнай абароны - гэта жорстка, але калі выконваць усе правілы, то ўсё ў нас добра. Прынамсі пасля заканчэння месяца ў нас цьфу-цьфу-цьфу ніводны супрацоўнік не захварэў".

Навыкі па гінекалогіі забываць таксама не прыходзіцца - Андрэй Вяргейчык і Ігар Чаркасаў па-ранейшаму працуюць і па профілі. Толькі зараз яны абслугоўваюць інфікаваных пацыентак. Праводзяць агляды і нават аперацыі.

Распрацаваны анлайн-курс для дактароў, якія працуюць з COVID-19


Для дактароў, якія змянілі спецыялізацыю, каб сустрэцца з каранавірусам, на сайце БелМАПА з'явіўся раздзел "COVID-19". Гэта праграма стажыроўкі, дзе работнікі 6-ці медыцынскіх кафедр сабралі найважнейшую інфармацыю для ўрачоў, якія змагаюцца з вірусам. 

Усе інструкцыі лаканічныя, а тое, што нельга надрукаваць, паказалі на відэа. У першую чаргу гэта парадак апранання і ўтылізацыі сродкаў індывідуальнай абароны. 

Аляксей Чуканаў, дэкан факультэта грамадскага здароўя і аховы здароўя БелМАПА: "Былі распрацаваныя 4 такія блокі, якія датычацца аказання меддапамогі пацыентам з COVID-19  у амбулаторных умовах, у стацыянарных умовах, аказання меддапамогі па выяўленні для спецыялістаў прамянёвай дыягностыкі і для анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў. Гэта аказанне інтэнсіўнай тэрапіі ў рэанімацыі. Таксама былі ва ўзаемадзеянні з ЮНІСЕФ знятыя ролікі".

Менш чым за тыдзень з інструкцыяй азнаёміліся каля паўтысячы карыстальнікаў. І ад кожнага выкладчыкі гатовыя выслухаць заўвагі і прапановы, каб удасканаліць новую праграму. 

Зусім хутка стартуе яшчэ адзін анлайн-праект БелМАПА. У гэты раз выкладчыкі прачытаюць лекцыі для медыкаў, якія працуюць з COVID-19, і нават правядуць майстар-клас па аказанні псіхалагічнай дапамогі такім пацыентам.