Дзень ведаў сёння адзначылі ў галоўнай педагагічнай навучальнай установе краіны

1 сентября 2015

На ўрачыстасці з нагоды свята ў альма-матар усіх настаўнікаў Беларусі запрасілі выкладчыкаў, студэнцтва і тых, хто толькі рыхтуецца спасцігаць азы прафесіі, - першакурснікаў. Набор атрымаўся самым моцным за апошнія гады, адзначыла кіраўніцтва ўніверсітэта. На першы курс сёлета залічылі на трэць больш медалістаў, чым гэта было летась. І амаль удвая больш абітурыентаў прыйшло ва ўніверсітэт з ліцэяў і гімназій Беларусі.

Аляксандр Жук, рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта: "Больш за палову нашага бюджэтнага набору - гэта выдатна падрыхтаваныя юнакі і дзяўчаты, якія гатовыя вучыцца з тым, каб стаць сапраўднымі прафесіяналамі. Таму я мяркую, што праз 4 гады краіна атрымае вельмі кваліфікаваных педагогаў. І думаю, што стварэнне сёлета профільных класаў педагагічнай скіраванасці будзе спрыяць у яшчэ большай ступені адбору падрыхтаваных і матываваных абітурыентаў для педагагічнай прафесіі".

І сёння студэнты педагагічнага ўніверсітэта далі старт дабрачыннай акцыі ў падтрымку будаўніцтва дзіцячага хоспісу. На працягу тыдня вучні і педагогі будуць збіраць сродкі для завяршэння ўзвядзення новага будынка. Дапамога дзецям хоспісу стане першай значнай справай будучых настаўнікаў у новым навучальным годзе.