Дзень незалежнасці Венесуэлы. Каракас па традыцыі прымае ваенны парад

5 июля 2018

Сёння свой Дзень незалежнасці адзначае Венесуэла. Па ўсёй краіне праходзяць масавыя гулянні. Каракас па традыцыі прымае ваенны парад. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў лідара Венесуэлы Нікаласа Мадуру і грамадзян гэтай краіны. Мінск і Каракас - браты і стратэгічныя партнёры, падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы. Аб важнасці адносін такога ўзроўню заявіў і пасол Венесуэлы ў нашай краіне.

Хасэ Хаакін Багіяна Перычы, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Венесуэлы ў Беларусі:

"Сёння мы адзначаем Дзень незалежнасці Венесуэлы, а два дні таму вы святкавалі свой Дзень незалежнасці. Нашы краіны падобныя. І Беларусь, і Венесуэла цэняць сваю незалежнасць і свой суверэнітэт. І абедзве краіны выступаюць за мір без войнаў і канфліктаў, за павагу права народаў на самавызначэнне".

Урачыстае мерапрыемства з нагоды Дня незалежнасці Венесуэлы адбылося і ў Мінску - у скверы Сімона Балівара. Помнік выбітнаму генералу ўсталявалі тут летась, калі Беларусь прымала з афіцыйным візітам прэзідэнта Венесуэлы. Сёння ў скверы сабраліся прадстаўнікі беларускага МЗС, дыпкорпуса, студэнты, а таксама венесуэльскія курсанты Ваеннай акадэміі Беларусі.