Справа маладых. Галоўны рэдактар "Весніка Глыбоччыны" Андрэй Панкрат

21 февраля 2019

Як зрабіць матэрыял цікавым і запатрабаваным у чытачоў - на справе ведае малады рэдактар раённай газеты ў Глыбокім. На друкаваных старонках - матэрыялы аб жыцці саміх людзей і іх захапленнях. Рэпартажы, эсэ, нарысы... У ліку самых чытальных і публікацыі аб развіцці рэгіёна. Аб справе маладых - Марына Раманоўская.

Эканоміка, сацыяльная сфера, культура. Творчыя супрацоўнікі рэдакцыі абмяркоўваюць, чым будзе насычаны наступны нумар "Весніка Глыбоччыны". Трэці год газета выходзіць у новым фармаце - першая паласа анансіруе самыя важныя і цікавыя публікацыі. Вопыт па афармленні перанялі і іншыя раённыя выданні. Крэатыўны дызайн, актуальныя тэмы, аператыўнасць - менавіта на гэта і робіць стаўку галоўны рэдактар Андрэй Панкрат. Адзін з самых маладых сярод кіраўнікоў раённых газет Віцебскай вобласці.

Творчы шлях галоўнага рэдактара пачаўся ў 2006 годзе. Журналіст пісаў пра моладзь, вёў экалагічную старонку, часта бываў на раённых святах. Зараз Андрэй Панкрат усё часцей піша пра сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна. Але, як і на пачатку творчай кар’еры, маладога кіраўніка цікавіць жыццё звычайных людзей. Асабліва кранальнымі рэпартажы атрымліваюцца пра жыхароў сельскай мясцовасці.

Людзям прысвечаныя адразу некалькі рубрык. На старонках газеты - рэпартажы пра работнікаў АПК, інтэрв’ю з урачамі, настаўнікамі, бізнесменамі. Штогод героямі журналісцкіх матэрыялаў становяцца сотні жыхароў раёна. Усе яны праслаўляюць сваю малую радзіму працай і добрымі справамі.

Віктар Казлоўскі - адзін з герояў публікацый пра добраўпарадкаванне райцэнтра. Дзякуючы скульптару у Глыбокім з’явілася Алея паэзіі. Яна стала сапраўдным упрыгажэннем цэнтра горада. Тут любяць адпачываць і моладзь, і сем’і з маленькімі дзецьмі.

Алеся Жыгунова чытачы газеты добра ведаюць як вопытнага спецыяліста ў сельскай гаспадарцы. Рэпартажы пра першых тысячнікаў, уборку збожжа і кукурузы, інтэрв’ю з механізатарамі і кіраўнікамі гаспадарак - на старонках выдання. Зараз сярод галоўных тэм - падрыхтоўка тэхнікі да вясенне-палявых работ.

Інтэрв'ю з садаводамі, віншаванні ад гарадоў-пабрацімаў, смачныя рэцэпты. Да вішнёвага фестывалю, які штогод збірае у Глыбокім гасцей з розных краін свету, рэдакцыя выпускае тэматычны нумар. Водгук у чытачоў знайшоў і праект, прысвечаны вызваленню ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Журналісты расказваюць гісторыі сваіх сем’яў. 2019-ты для газеты - юбілейны. "Весніку Глыбоччыны" спаўняецца 80. І дзякуючы крэатыўнаму калектыву - гэта выдатны узрост для новых цікавых праектаў.