На базе Фізкультурна-спартыўнага цэнтра дзяцей і моладзі размясціліся тры ўчасткі для галасавання

11 сентября 2016

Да нас падключаецца наш карэспандэнт Вераніка Бута. Яна працуе на выбарчым участку №575 сталіцы.

575-ы участак (гэта Усходняя выбарчая акруга) мной выбраны не выпадкова. Паколькі мы, журналісты Агенцтва тэленавін, сёння на пасту з самай раніцы і да позняга вечара, свой выбар я раблю ў прамым эфіры. Бюлетэнь запоўнены, самы час апусціць яго ва урну.

Тут, на базе Фізкультурна-спартыўнага цэнтра дзяцей і моладзі, размясціліся тры ўчасткі для галасавання.

Усяго ж па акрузе іх больш за 40 - гэта 68 тысяч выбаршчыкаў, якім трэба выбраць аднаго з пяці кандыдатаў, хто і зойме сваё месца ў парламенце ад гэтай акругі. Участак адкрыты крыху больш чым дзве гадзіны. Аднак ужо можна сказаць, што актыўнасць сярод выбаршчыкаў дастаткова высокая. Ва ўчастковай камісіі нагадалі: каб аддаць свой голас за таго ці іншага кандыдата, не забывайце ўзяць з сабой пашпарт альбо любы дакумент, які сведчыць асобу. Інакш рэалізаваць сваё права на выбарах вы не зможаце.

На кожным участку прадубляваная інфармацыя аб кандыдатах акругі: імёны, прозвішчы, кароткія біяграфіі, прафесійныя заслугі і даходы. Дарэчы, тут, ва Усходняй выбарчай акрузе, прэтэндэнты на месца ў парламенце розных палітычных поглядаў, па кар'ернай лесвіцы таксама на розных пазіцыях - ад кіраўнікоў да звычайных супрацоўнікаў, узрост кандыдатаў ад 34 да 58 гадоў. Мінчане па-рознаму вызначаюць, хто менавіта павінен заняць месца ў парламенце.

Назіральнікі, а гэта прадстаўнікі розных грамадскіх аб'яднанняў і партый, уважліва сочаць за выкананнем працэдуры галасавання. На гэты момант ні заўваг, ні скаргаў у камісію не паступала. Але члены камісіі гатовыя адказаць на ўсе хвалюючыя пытанні.